12 лістапада ў храме адбудзецца пахаваньне праху трох першых прэзыдэнтаў Польшчы ў эміграцыі: Уладзіслава Рачкевіча (гады жыцьця 1885 — 1947), Аўгуста Залескага (1883 — 1972) і Станіслава Астроўскага (1892 — 1982), сказалі ў этэры Польскага радыё.
У маўзалеі таксама пахаваюць прах апошняга прэзыдэнта Польшчы ў эміграцыі Рышарда Качароўскага, які загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010 годзе. Акрамя таго, у храме будуць сымбалічныя месцы пахаваньня прэзыдэнтаў Казімежа Сабата і Эдварда Рачыньскага, якія спачываюць у сямейных магілах.
Пасада прэзыдэнта Рэспублікі Польшча была, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй краіны, прынятай у 1935 годзе, найвышэйшай пасадай у дзяржаве. У верасьні 1939 году, калі на Польшчу спачатку напала Нямеччына, а праз два тыдні Савецкі Саюз, прэзыдэнт Ігнацы Масьціцкі прызначыў сваім пераемнікам Уладзіслава Рачкевіча.
Рачкевіч — першы кіраўнік дзяржавы, які законна заняў прэзыдэнцкую пасаду ў выгнаньні, і такім чынам паклаў пачатак цэлай пляядзе прэзыдэнтаў, якія працавалі спачатку ў Францыі, а потым у Вялікай Брытаніі да канца 1990 году, калі апошні прэзыдэнт у эміграцыі Рышард Качароўскі перадаў рэгаліі прэзыдэнцкай улады абранаму на ўсеагульных дэмакратычных выбарах прэзыдэнту Леху Валэнсу.
Паводле шматлікіх гісторыкаў, менавіта прэзыдэнты Польшчы ў выгнаньні разам з урадам у выгнаньні захавалі ідэю незалежнай, сувэрэннай і свабоднай дзяржавы. Вакол прэзыдэнтаў і польскага эміграцыйнага ўраду крышталізавалася жыцьцё польскай эміграцыі ня толькі ў палітычным, але і ў культурным пляне.
Сымбалічнае пахаваньне прэзыдэнтаў Польшчы ў выгнаньні, якіх было шэсьць, будзе ўрачыстым завяршэньнем сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Польшчы. Гэта адбылося 11 лістапада 1918 году, пасьля 123 гадоў адсутнасьці на палітычных мапах сьвету.
У тым жа годзе 25 сакавіка незалежнасьць абвясьціла і Беларуская народная рэспубліка, але праз агрэсію бальшавікоў БНР не пасьпела замацавацца, і ў хуткім часе шэраг дзеячоў БНР быў вымушаны пакінуць радзіму. Да сёньня існуе Рада БНР.