Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Кіева не выключаюць поўнага блэкаўту ў горадзе


Віталь Клічко
Віталь Клічко

Ва Украіне з прычыны разбурэньня энэргетычнай інфраструктуры ўведзены абмежаваньні падачы электрычнасьці.

Дзяржаўная кампанія «Укрэнэрга» штодня публікуе графікі пагадзінных адключэньняў сьвятла — яны дзейнічаюць у Кіеве і Кіеўскай вобласьці, а таксама ў Чарнігаўскай, Чаркаскай, Жытомірскай, Сумскай, Харкаўскай і Палтаўскай абласьцях.

У суботу падчас нацыянальнага тэлемаратона на пытаньні адказваў у тым ліку мэр Кіева Віталь Клічко. Ён паведаміў, што сытуацыя з энэргазабесьпячэньнем украінскай сталіцы застаецца складанай. Улады пралічваюць розныя сцэнары, не выключаючы і поўнага блэкаўту. Масавыя народныя гуляньні на Каляды і Новы год будуць адменены. Мэр заклікаў кіяўлян мець дома запас пітной і тэхнічнай вады, ежы, зараджаныя акумулятары і цёплыя рэчы.

«Мы робім усё, каб гэтага (поўнага адключэньня энэргазабесьпячэньня — РС) не адбылося. Але будзем шчырыя: нашы ворагі робяць усё для таго, каб горад быў без цяпла, без электрычнасьці, без водазабесьпячэньня, наогул мы ўсе памерлі. І ад таго, наколькі мы будзем падрыхтаваныя да розных сытуацый, залежыць будучыня», — сказаў Клічко.

Мэр удакладніў, што зараз у Кіеве начуюць каля трох мільёнаў чалавек; значна больш прыяжджаюць днём на працу з найбліжэйшых абласьцей. На выпадак пагаршэньня сытуацыі з энэргазабесьпячэньнем ён параіў кіяўлянам загадзя ацаніць магчымасьць правесьці нейкі час у прыгарадах «у сваякоў або сяброў, дзе ёсьць асобнае водазабесьпячэньне, печка, цяпло». Паводле слоў Клічко, зімой у горадзе будзе разгорнута тысяча пунктаў абаграваньня. Аднак улады спадзяюцца, што да найгоршага сцэнару справа не дойдзе.

Дырэктар дэпартамэнта муніцыпальнай бясьпекі кіеўскай гарадзкой адміністрацыі Раман Ткачук заявіў, што ў выпадку поўнай страты электразабесьпячэньня жыхары сталіцы будуць эвакуіраваны, але цяперашнюю сытуацыю ахарактарызаваў як кіраваную.

На гэтым тыдні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў выніку расейскіх абстрэлаў пашкоджана каля 40% энэргетычнай інфраструктуры краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG