«Калі беларускія ўлады яшчэ больш прыцягнуць Беларусь да агрэсіўнай вайны РФ супраць Украіны, у прыватнасьці, дазволяць расейскім узброеным сілам выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для запуску ракет, накіраваных на Ўкраіну, краіны „Групы сямі“ накладуць на рэжым велізарныя дадатковыя выдаткі», — гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў, апублікаванай у пятніцу на сайце МЗС Нямеччыны.
«Група сямі» — нефармальны міжнародны клюб, у які ўваходзяць ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія, Канада, Францыя і Японія.
Напярэдадні ў Генштабе УСУ паведамілі, што на працягу кастрычніка Расея перакінула ў Беларусь па чыгунцы вайсковую тэхніку, маёмасьць і салдат, сьцьвердзіўшы, што такім чынам РФ працягвае выкарыстоўваць Беларусь для нанясеньня ўдараў па тэрыторыі Ўкраіны.
Украінская выведка сьцьвярджае, што Лукашэнка ня ўпэўнены, што беларусы гатовыя падтрымаць магчымы ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.