«Песьня Песьняў»; пераклад Сяргея Шупы; прадмова і камэнтары Галіны Сінілы. Прага, «Вясна» 2022.
— Твой пераклад «Песьні Песьняў» пазначаны ў кніжным выданьні як праца ў рамках праекту «Новая беларуская Біблія». Раскажы крыху пра гэты праект і яго ўдзельнікаў. Выйшла яшчэ што-небудзь пад гэтай шыльдай?
— Гэты праект узьнік у асяродзьдзі новага пакаленьня навукоўцаў і творцаў, якія ўсьвядомілі, што беларусы і да сёньня ня маюць перакладу Бібліі, які б адпавядаў патрабаваньням часу, ХХІ стагодзьдзя. А менавіта — няма перакладу Бібліі з арыгінальных моваў, з улікам усіх дасягненьняў акадэмічнай біблеістыкі, перакладу на сучасную літаратурную мову. І пры гэтым — перакладу, які б стаяў над беларускімі канфэсійнымі падзеламі. Перакладу навуковага і агульнакультурнага, а не ўтылітарна-рэлігійнага.
Ініцыятыва праекту належала Ірыне Дубянецкай, якая атрымала ў эўрапейскіх унівэрсытэтах годнасьці доктара філязофіі і сакральнай тэалёгіі, валодае ўсімі патрэбнымі мовамі і востра адчула гэтую лякуну ў нашай культурнай прасторы.
Сустрэчы энтузіястаў гэтай ідэі адбываліся штогод ад 2012 году на Міжнародных кангрэсах дасьледчыкаў Беларусі, якія традыцыйна адбываліся ў Коўне, а пасьля і ня толькі. Апрача Ірыны ў ім у розныя часы ўдзельнічалі Зьміцер Саўка, Караліна Мацкевіч, Міхаіл Самкоў, Ягор Прыстаўка, а. Сяргей Сурыновіч, Мікола Раманоўскі, Павал Касьцюкевіч, Вольга Лашкевіч (складаючы такія сьпісы, заўсёды баюся, што некага прапусьціў). Ну і асобна назаву Галіну Сінілу — біблеістку, гебраістку і германістку — якая сваёй эрудыцыяй і кампэтэнцыяй надала нашай працы салідную навуковую вагу.
«Песьня Песьняў» — пакуль што, калі не лічыць часопісных публікацыяў, адзіны наш кніжны прадукт, але спадзяюся, што праца будзе працягвацца.
— Чаму ты выбраў для перакладу «Песьню Песьняў», а ня нейкую іншую біблейскую кнігу, так сказаць, з круцейшым сюжэтам? Ці, можа, гэта ня ты выбраў, а табе выбралі?
— Усяго ў рамках праекту я пераклаў тры тэксты — Кнігу прарока Ёны, Песьню Песьняў і апошнія разьдзелы Кнігі Ёва. Гэтыя пераклады прайшлі грунтоўнае і зацікаўленае абмеркаваньне на ковенскіх сустрэчах. Песьня Песьняў па ўсіх парамэтрах падавалася найбольш прыдатным тэкстам, зь якім можна было б выйсьці на шырокую публіку. Гэта было калектыўнае рашэньне.
Мы плянавалі выдаць кнігу яшчэ ў 2017 годзе — да 500-годзьдзя пачатку Скарынавай выдавецкай дзейнасьці, але з розных аб’ектыўных прычынаў гэтая справа зацягвалася, пакуль выданьне кнігі ў Беларусі наагул не пачало выглядаць усё больш і больш праблематычным.
Вядома, у Бібліі ёсьць мноства іншых — і значна круцейшых — сюжэтаў, але яны пераважна рассыпаныя па розных кнігах. А з выданьнем асобна Песьні Песьняў ужо існуе пэўная традыцыя, гэты твор у Бібліі вельмі асаблівы, часам нават ахапляе зьдзіўленьне — як ён наагул туды трапіў.
— Ці быў нехта ў гісторыі беларускай біблеістыкі, хто спрабаваў перакладаць Біблію са старажытнагабрэйскай мовы? Ці ты тут першы?
— Не, я тут зусім ня першы. Праўда, у мяне не было магчымасьці адсачыць усе пераклады фрагмэнтаў або паасобных кніг Бібліі, зробленых апошнімі дзесяцігодзьдзямі, але калі гаварыць пра кніжныя выданьні цэлай Бібліі, то тут, вядома ж, першапраходцам быў наш легендарны мовазнаўца Янка Станкевіч. У канцы 1960-х — пачатку 1970-х гадоў ён зь лінгвістычнай і тэалягічнай дапамогай пратэстанцкага прапаведніка Майсея Гітліна пераклаў поўны тэкст Бібліі пратэстанцкага канону (г. зн. без так званых другакананічных кніг). Праблема, аднак, у тым, што моўны стандарт, распрацаваны Янкам Станкевічам, скажам так, далекаваты ад канвэнцыяў нашай сёньняшняй літаратурнай мовы і наўрад ці сёньня мог бы быць прыняты грамадзтвам.
— Дарэчы, а не нагадаў бы ты пры нагодзе, хто і калі перакладаў біблейскія тэксты на беларускую мову?
— Хоць бібліяграфія беларускіх біблійных перакладаў даволі багатая, аднак поўных перакладаў Бібліі ў нас на сёньня толькі тры — ужо згаданая «Сьвятая Бібля» Янкі Станкевіча (1973), «Біблія» ў перакладзе Васіля Сёмухі (2002) і «Біблія», падрыхтаваная на падставе перакладаў ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага (2012). Два апошнія пераклады сёньня чытаюцца добра і гладка, але рабіліся яны не з арыгінальных моваў Бібліі (старажытнагабрэйскай, арамейскай і грэцкай), У першым адчуваецца залежнасьць ад расейскага Сынадальнага перакладу, у другім — ад польскай Biblii Tysiąclecia.
Тут варта згадаць пра асобныя выданьні Новага Запавету ў перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея з удзелам Антона Луцкевіча, Пятра Татарыновіча, а таксама пераклады Біблійнай камісіі БПЦ.
— Цяжка навучыцца старажытнагабрэйскай мове? Яна моцна адрозьніваецца ад сучаснага іўрыту? Як вучыўся ты?
— Гэта наагул доўгая гісторыя, якая пачалася больш за сорак гадоў таму і працягваецца да сёньня. Іўрыт у маім дзяцінстве і падлецтве шалёнага лінгвіста быў мовай забароненай — а таму асабліва цікавай і прывабнай. Я тады актыўна слухаў радыё і першыя лекцыі сучаснага іўрыту прайшоў у праграмах «Голасу Ізраілю» на розных мовах. А ў менскіх бібліятэках легальна можна было знайсьці толькі падручнікі і слоўнікі біблійнага іўрыту. І я спасьцігаў таямніцу гэтых дзьвюх плыняў адной мовы паралельна.
У канцы 1980-х гадоў гэтыя мае зацікаўленьні выліліся ў практычны інтарэс, калі я далучыўся да працы Біблійнай камісіі БПЦ (гэта значыць, Беларускага экзархату РПЦ). У той камісіі сабраліся як прадстаўнікі царкоўнага боку, так і беларускія перакладчыкі і літаратары. Я там запісаўся як знаўца арыгінальных моваў і ўжо тады спрабаваў набрацца як мага больш спэцыяльных ведаў.
Пераклад для шырэйшага абмеркаваньня рыхтаваў Васіль Сёмуха, і тое абмеркаваньне часам адбывалася даволі востра, бо бывала, што апошнім аргумэнтам прадстаўнікоў Царквы было: «Па-руску так, значыць — будзе так». У выніку з таго супрацоўніцтва нічога ня выйшла, бальшыня беларусаў з камісіі павыходзіла, і царкоўныя людзі далей працавалі самі — бязь ціску «беларускіх нацыяналістаў». А я яшчэ па дарозе пасварыўся з Васілём Сяргеічам, якому я зьбіраўся «падносіць патроны» і падсьвечваць ягоную працу аналізам арыгіналу, а ён даў зразумець, што яму ніякая такая дапамога не патрэбная. У выніку мы зь ім гадоў пяць не размаўлялі… Ён пасьля давёў свой пераклад да канца і выдаў яго сваімі сіламі. А пасьля мы памірыліся, бо ўсе тыя нашы «разыходжаньні» былі неістотнай дробязьзю.
— Калі я папрашу цябе сфармуляваць blurb на ўмоўную супэрвокладку беларускага выданьня «Песьні Песьняў», каб прарэклямаваць выданьне і заахвоціць пакупнікоў і чытачоў, то што скажаш? Чаму варта прачытаць гэты тэкст, якому ўжо больш за дзьве тысячы гадоў, а сам ён з зусім іншага сьвету, чым наш сёньняшні?
— Невялікі зь мяне копірайтэр, але паспрабую.
«Самы вядомы ў сьвеце гімн каханьню, створаны больш за два тысячагодзьдзі назад, які займае першае месца ў сусьветнай літаратуры паводле колькасьці выданьняў і колькасьці моваў, на якія ён быў перакладзены — цяпер упершыню па-беларуску ў навуковым выданьні і ў літаратурным перакладзе з сакральнай мовы арыгіналу. Таямніца каханьня нават па прачытаньні гэтага тэксту ўсё роўна застанецца неразгаданай, але спробы разгадаць яе, чытаючы, — магчыма, ня менш важныя за саму разгадку. Чытайце. Кахайце!»
— Твой пераклад «Песьні Песьняў» папярэджаны саліднымі гістарычна-літаратуразнаўчымі ўводзінамі Галіны Сінілы і суправаджаецца ня менш саліднымі яе камэнтарамі ў канцы выданьня. Шмат такіх людзей у Беларусі, якія разьбіраюцца ва ўсіх гэтых біблейскіх тонкасьцях?
— Апошнім часам у Беларусі зьяўляецца ўсё больш і больш спэцыялістаў у біблеістыцы і гістарычным літаратуразнаўстве, я ўжо і ня ў стане падлічыць, колькі іх, але ўпэўнены, што Галіна Веніямінаўна Сініла надалей застаецца ці ня самай кампэтэнтнай і адпаведнай гэтай задачы. Для мяне вялікі гонар бачыць у гэтай кнізе маё імя побач зь ёю. Прычым гэтыя яе тэксты напісаныя так, што ад іх атрымае асалоду нават самы далёкі ад акадэмічнай біблеістыкі чытач.
— Як набыць «Песьню Песьняў» у тваім перакладзе?
— Кніга прадаецца ў Польшчы на партале allegro.pl, а ахвочыя купіць яе ў іншых краінах знойдуць кантакты на сайце выдавецтва «Вясна» — vesnabooks.eu. Вядома, вельмі хацелася б, каб гэтая кніга прыйшла і ў Беларусь — чакаем лепшых умоваў, а пакуль што раю чытачам у Беларусі зьвяртацца да сваіх сяброў і знаёмых у Польшчы, а далей ужо хто як зарыентуецца.
Фрагмэнт перакладу «Песьні Песьняў»
Вярніся, вярніся, шулямянка,
Вярніся, вярніся, каб нам наглядзецца на цябе!
Што вам глядзець на шулямянку,
Як на танец карагодны?
Якія прыгожыя стопы твае ў сандаліях, князёўна,
выгіны клубоў тваіх як упрыгожаньні,
праца рук майстра.
Твой пупок — круглая чара,
дзе ня зводзіцца вінны напой;
твой жывот — россып пшаніцы,
аздоблены лілеямі.
Твае грудзі — як дзьве лані,
двойня газэлі.
Твая шыя — вежа з слановай косьці;
вочы твае — два стаўкі ў Хешбоне
ля брамы Батрабімскай,
нос твой — як вежа ліванская,
што глядзіць у бок Дамаску.
Галава твая на табе — як Кармэль,
валасы галавы тваёй — як пурпур;
цар заблытаўся ў пасмах.
Як прыгожае ты, каханьне,
як прыемнае між асалодаў.