Як піша DW, кіраўніцтва кампаніі Twitter Inc., якая валодае сацыяльнай сеткай Twitter, разаслала супрацоўнікам электронныя лісты з афіцыйным анонсам чарады скарачэньняў пэрсаналу, якія адбудуцца ў кампаніі. Згодна з тэкстам пасланьня, на якое спасылаецца агенцтва AFP, звальненьні пачнуцца ў пятніцу, 4 лістапада, у пачатку працоўнага дня паводле мясцовага часу ў ЗША.
У лісьце пазначана, што супрацоўнікі атрымаюць праз электронную пошту лісты, у якіх будзе пазначана, ці будуць яны далей працаваць у фірме. Пры гэтым іх папрасілі не прыходзіць на свае месцы ў офісы, бо тыя будуць часова зачыненыя, а дзеяньне працоўных пропускаў прыпыненае. Тых, хто накіруецца ў офісы да прачытаньня ліста, просяць вярнуцца дадому, у кампаніі аб’яўлены выхадны.
Кіраўніцтва Twitter Inc. называе чараду скарачэньняў «складаным працэсам», які адбываецца ў тыя часы, калі плятформа перажывае «надзвычай складаны досьвед». «Мы разумеем, што гэта паўплывае на шэраг людзей, якія ўнесьлі каштоўны ўклад у Twitter, але, на жаль, гэта дзеяньне неабходнае для забесьпячэньня посьпеху кампаніі ў будучыні», — пішуць аўтары ліста.
Маск спрабуе кампэнсаваць «пераплату»
Паводле амэрыканскіх СМІ, новы ўладальнік Twitter Inc., бізнэсовец Ілан Маск, плянуе скараціць колькасьць пэрсаналу на 50 працэнтаў. Цяпер у Twitter працуе каля 7500 чалавек.
Звальненьні ў кампаніі пачаліся адразу пасьля таго, як Маск закрыў угоду набыцьця кампаніі за 44 млрд даляраў, пра якую абвясьціў яшчэ ў красавіку. Пасьля гэтага ён спрабаваў зьмяніць сваё рашэньне, але вярнуўся да куплі, калі рада дырэктараў Twitter паведаміла аб намеры падаць на яго ў суд, патрабуючы завяршыць угоду. Прычынай для крытыкі з боку Маска сталі нібыта непраўдзівыя зьвесткі аб колькасьці робатаў і фэйкавых акаўнтаў у сацсетцы.
Яшчэ да таго, як Ілан Маск афіцыйна абвясьціў аб завяршэньні ўгоды, ён звольніў з кампаніі гендырэктара Парага Агравала, фінансавага дырэктара Нэда Сэгала, галоўнага юрыста Віджаю Гадэ і шэраг іншых топ-мэнэджараў. У пачатку лістапада Маск заявіў, што роспуск рады дырэктараў кампаніі — гэта часовая мера.
Паволе Маска, да 2026 году ён плянуе павялічыць даход ад сацсеткі зь бягучага гадавога паказьніка ў 5 млрд даляраў да 26 млрд даляраў. Пры гэтым бізнэсовец заяўляў, што лічыць цану кампаніі завышанай. Угоду ж ён завяршыў нібыта не з прычыны пагрозы судовых разглядаў, а таму, што лічыць, што «для будучыні цывілізацыі важна мець лічбавую пляцоўку для распаўсюджваньня навін і абмену думкамі, на якой можна ў разумнай манэры абмяркоўваць шырокі дыяпазон перакананьняў, не зьвяртаючыся да гвалту».
Адной з агучаных Маскам ідэй аб павелічэньні прыбытку стала магчымасьць увядзеньня платнай падпіскі за «сінія галачкі» вэрыфікацыі карыстальнікаў у сацсетцы — ён прапаноўваў спаганяць за гэта па 20 даляраў у месяц, але неўзабаве пачаў разглядаць цану на ўзроўні 8 даляраў у месяц.
Скарачэньні праходзяць не толькі ў Twitter
Яшчэ да куплі Маскам Twitter у 2022 годзе аб скарачэньнях штату і падобных мерах барацьбы з эканамічным крызісам паведаміў шэраг іншых буйных IT-кампаній. Улетку аб скарачэньнях і прыпыненьні найму новых працаўнікоў паведамлялі супрацоўнікі такіх кампаній, як Alphabet (валодае Google), Meta (валодае Facebook), а таксама адна з найбуйнейшых біржаў крыптовалют Coinbase і NFT-маркетплейс OpenSea. Паводле дадзеных Bloomberg, у Apple прыпынены наём новых супрацоўнікаў да канца 2023 году. Прычынамі для скарачэньняў у кампаніях часта называлі складаныя часы ў эканоміцы.