Амэрыканскі мільярдэр Ілан Маск афіцыйна ўзначаліў Twitter пасьля завяршэньня ўгоды аб куплі кампаніі за $44 млрд, паведамляе CNBC.
Маск пракамэнтаваў закрыцьцё ўгоды па куплі сацыяльнай сеткі твітам "the bird is freed"(Птушачка на волі).
Напярэдадні Ілан Маск апублікаваў зварот да рэклямадаўцаў Twitter, у якім паспрабаваў растлумачыць прычыны, зь якіх ён вырашыў набыць сэрвіс мікраблогаў.
Паводле яго, ён наважыўся на гэта «не таму, што гэта было проста» і «не для таго, каб зарабіць больш грошай». «Я зрабіў гэта, каб паспрабаваць дапамагчы чалавецтву, якое я люблю», — напісаў Маск.
Бізнэсовец зьмяніў апісаньне профілю ў твітары на Chief Twit і адзначыў у якасьці свайго месцазнаходжаньня штаб-кватэру кампаніі ў Сан-Францыска. Па дадзеных Bloomberg, Маск паведаміў супрацоўнікам Twitter, што не збіраецца скарачаць штат на тры чвэрці — пра гэтыя пляны паведамляла раней The Washington Post.
Ілан Маск паведаміў аб намеры купіць Twitter за 44 мільярды даляраў у красавіку. Празь некаторы час бізнэсовец заявіў, што прыпыняе ўгоду з прычыны няяснасьці ў падліках фэйкавых акаўнтаў.
У пачатку ліпеня Маск абвясьціў, што адмаўляецца ад куплі. Па словах мільярдэра, кампанія не перадала яму запрошаных дадзеных. У Twitter палічылі адмову надуманай і запатрабавалі суд абавязаць Маска завяршыць пакупку. Бізнэсовец выступіў з сустрэчным пазовам. У кастрычніку Ілан Маск вырашыў завяршыць угоду і купіць сацсетку. Суд даў яму час да 28 кастрычніка.