Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У паліцыі Фінляндыі няма доказаў кантрабанды зброі з Украіны — прэсавы сакратар МЗС Украіны


МЗС Украіны
МЗС Украіны

Паведамленьне, што зброя з Украіны нібыта трапіла ў рукі злачыннай арганізацыі Фінляндыі, — «чарговая расейская дэзынфармацыя», заявіў 31 кастрычніка прэсавы сакратар МЗС Украіны Алег Нікаленка.

«Амбасада Ўкраіны ў Хэльсынкі ад імя МЗС Украіны неадкладна зьвярнулася ў фінскую паліцыю па падрабязнасьці. У адказ фінскі бок паведаміў, што пацьверджанай інфармацыі або якіх-небудзь канкрэтных фактаў пастаўкі кантрабанднай зброі з Украіны няма. Падчас сёньняшняй размовы амбасадар Фінляндыі ў Кіеве таксама не пацьвердзіў інфармацыю, апублікаваную ў фінскіх СМІ», — напісаў Нікаленка ў Facebook.

Раней 31 кастрычніка ў МУС Украіны заявілі, што распаўсюджаная напярэдадні інфармацыя пра нібыта ўкраінскі канал кантрабанды зброі ў Фінляндыю зьяўляецца фэйкам.

Крыніцай інфармацыі, якую абвяргаюць прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў, стала фінская прэса. Гаворка ідзе пра інтэрвію выданьню Yle старшага камісара Нацыянальнага бюро расьсьледаваньняў (Keskusrikospoliisi) Крыстэра Алгрэна.

«Журналіст сьцьвярджае, што гэты чыноўнік кажа пра наяўнасьць у крымінальнай паліцыі Фінляндыі дадзеных пра імавернасьць таго, што зброя, прызначаная для ўкраінскіх вайскоўцаў, трапіла да злачынных груповак у гэтай краіне. Больш за тое, у матэрыяле гаворыцца, што гэтая агнястрэльная зброя ўжо знаходзіцца ў Фінляндыі, больш за тое, яна імпартавалася і ў іншыя краіны Скандынавіі... МУС Украіны неадкладна афіцыйна пачало высьвятляць праўдзівасьць прадстаўленых у гэтым матэрыяле дадзеных. Фінскія калегі абверглі наяўнасьць фактаў захопу такой зброі ўкраінскага паходжаньня на тэрыторыі Фінляндыі», — адзначылі ў МУС.

Як гаворыцца ў паведамленьні, «згаданае фінскае выданьне ўжо рыхтуе адпаведнае абгрунтаванае пярэчаньне, бо ёсьць усе падставы меркаваць, што выкладзеная ў артыкуле інфармацыя ў нейкай ступені надуманая журналістам і не адпавядае словам прадстаўніка паліцыі, у якога бралі інтэрвію».

МУС Украіны праз сыстэму сувязі Эўраполу накіравала запыт у Фінляндыю, Швэцыю і Данію для праверкі выкладзеных у інтэрвію фактаў, дадалі ў ведамстве.

30 кастрычніка фінскае выданьне Yle апублікавала інфармацыю пра тое, што зброя, нібыта пастаўленая партнэрамі ва Ўкраіну, апынулася ў Фінляндыі ў злачынцаў і што фінскім праваахоўнікам вядомыя маршруты яе дастаўкі.

19 ліпеня Вярхоўная Рада падтрымала стварэньне часовай сьледчай камісіі па кантролі за выкарыстаньнем ваеннай дапамогі Ўкраіне. Гэта адбылося празь некалькі дзён пасьля таго, як прадстаўніца Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, кангрэсмэнка ўкраінскага паходжаньня Вікторыя Спартц заявіла, што амэрыканскі бок ня ведае, ці трапляе перададзеная зброя на фронт.

У Пэнтагоне заявілі, што ЗША ня бачаць ніякіх прыкметаў таго, што пастаўленая Ўкраіне зброя можа быць вывезеная з краіны кантрабандай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG