Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што яе мужа, палітвязьня Сяргея Ціханоўскага, перавялі ў звычайную камэру пасьля двух месяцаў, якія ён правёў у штрафным ізалятары.
«З 19 жніўня ён быў у штрафным ізалятары. Напісаў, што пасьля голых дошак у ШЫЗА матрац, набіты анучамі, падаецца пярынай, а камэра — футбольным полем. Ён сядзіць цяпер адзін у чатырохмеснай камэры. Але лепш у камэры, чым у ШЫЗА», — кажа Ціханоўская.
Два месяцы Ціханоўскі ня меў магчымасьці пісаць і атрымліваць лісты. Увесь гэты час яго не выводзілі на прагулкі. Цяпер Сяргею перадалі лісты ад дзяцей, вярнулі кнігі.
«У ШЫЗА не хапае менавіта інфармацыі. Я думаю, што Сяргей так і будзе сядзець адзін, яго не дапусьцяць да людзей. Бо ён надта харызматычны, умее заражаць сваімі ідэямі, эмоцыямі. Яго будуць максымальна ізаляваць», — дадала палітык.
Яна зазначыла, што ведае выпадкі, калі людзі праводзілі ў ШЫЗА па 120 сутак. «Гэта проста жахліва, гэта катастрофа. Хто ня мае блізкіх у турме — можа, да канца не ўсьведамляюць, як гэта ўсё», — дадала Ціханоўская.