Тры гады ў «справе Зельцара»
У Берасьцейскім абласным судзе 26 кастрычніка асудзілі Аляксея Іванова паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская.
Іванова затрымалі 11 кастрычніка 2021-га ў крымінальнай справе за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара.
Як паведамляе «Берасьцейская Вясна», са жніўня 2022 году Аляксей утрымліваецца ў Берасьцейскім СІЗА № 7. Прапісаны ён у Горадні, але доўгі час жыў у Менску.
26 кастрычніка судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская прызнала Аляксея Іванова вінаватым паводле абодвух артыкулаў і прысудзіла яму пакараньне тэрмінам 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф памерам 3200 рублёў.
Год турмы за 10 камэнтароў
У судзе Маладачанскага раёну 31 кастрычніка асудзілі Ігара Беланожку паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаў судзьдзя Вадзім Петрусевіч. Дзяржабвінаваўцам выступіў памочнік пракурора Валер Пяркоўскі.
Ігара затрымалі па ананімным даносе ў міліцыю пра «абразьлівыя» камэнтары. Ён пад вартай з 25 жніўня. Яму паставілі ў віну дзесяць камэнтароў у «Аднаклясьніках» пад публікацыямі, а таксама на сваёй старонцы. Пракурор запрасіў для Беланожкі пакараньне тэрмінам 3 гады калёніі. Падсудны раскаяўся і прызнаў сваю віну.
31 кастрычніка Вадзім Петрусевіч прызнаў Ігара Беланожку вінаватым і прысудзіў пакараньне тэрмінам 1 год пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Ігару Беланожку 40 гадоў. Ён ураджэнец Валожына, жыве ў Маладэчне.
Затрыманьне за акцыю салідарнасьці
У Сьледчым камітэце менавіта як крымінальнае дзеяньне, «злоснае хуліганства», кваліфікавалі вывешваньне на лініі электраперадач у Маскоўскім раёне Менску нацыянальнага беларускага бел-чырвона-белага сьцяга і сьцяга Ўкраіны.
У справе сілавікі затрымалі шэсьць чалавек. Гэта жыхары Менску ва ўзросьце ад 34 да 36 гадоў. Ім пагражае да 6 гадоў калёніі.
Стала вядома пра затрыманьне палітвязьня Яўгена Пака
Праваабаронцы мяркуюць, што затрыманьне Пака можа быць зьвязана з масавымі затрыманьнямі, якія прайшлі ўчора ва ўстановах адкрытага тыпу, так званых «хіміях».
Яўген быў асуджаны па арт. 368 КК на 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі за відэа ў TikTok.
Пакараньне ён адбываў у менскім ПУАТ-36. Яго статус і месцазнаходжаньне на дадзены момант удакладняюцца.
Затрыманым удзельнікам гурту Tor Band прысудзілі па 15 сутак арышту
Усіх утрымлівалі ў рагачоўскім ІЧУ, і, хутчэй за ўсё, яны будуць адбываць пакараньне менавіта там, піша «Вясна».
Ганьне Музыцы таксама далі 15 содняў. Суд у Юліі Галавач будзе пасьля абеду. Яшчэ адна дзяўчына цяпер у Жлобіне — як пакаралі яе, пакуль невядома. Праваабаронцы даведаліся, што яе адправілі ў Жлобін, бо ў Рагачове толькі два жаночыя месцы ў ІЧУ.
Пасьля затрыманьня музыкаў міліцыянты пачалі прыходзіць да тых, хто здымаўся ў іх кліпах. У асноўным гэта рагачоўцы. Па словах сьведак, пакуль усё абыходзіцца гутаркамі і пагрозамі наконт адказнасьці.
Праваабаронцу Насту Лойку зноў арыштавалі
Лойцы прысудзілі чарговы арышт у 15 содняў, піша Human Constanta.
Яе абвінавацілі ў дробным хуліганстве па арт. 19.1 КаАП. Рашэньне вынес суд Першамайскага раёну Менску.