Арганізацыя Абʼяднаных Нацый, Турэцкая Рэспубліка і Ўкраіна ў нядзелю ўзгаднілі плян перамяшчэньня 31 кастрычніка 16 суднаў, якія знаходзяцца ў турэцкіх тэрытарыяльных водах, паведамляе агенцтва Reuters.
Адпаведная заява была зроблена на наступны дзень пасьля таго, як Расея прыпыніла свой удзел у чарнаморскай збожжавай ініцыятыве, якая дазваляе ажыцьцяўляць экспарт харчоў з украінскіх партоў.
У заяве Сумеснага каардынацыйнага цэнтру (СКЦ) у Стамбуле, дзе працуюць расейскія, украінскія, турэцкія прадстаўнікі, а таксама супрацоўнікі ААН, гаворыцца, што дэлегацыі Турэччыны, Украіны і ААН таксама дамовіліся аб правядзеньні з панядзелка 31 кастрычніка інспэкцый на 40 судах, якія выходзяць з партоў Украіны.
СКЦ заявіў, што расейская дэлегацыя была праінфармаваная аб гэтых плянах.
29 кастрычніка Міністэрства абароны Расеі заявіла аб спыненьні ўдзелу ў пагадненьні па экспарце ўкраінскіх прадуктаў Чарнаморскім збожжавым калідорам. Гэтае рашэньне ведамства патлумачыла нібыта выбухамі ў Севастопалі ў той дзень.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адзначыў, што заява Расеі аб прыпыненьні ўдзелу ў збожжавым пагадненьні была чаканай, паколькі Масква пачала абвастраць харчовы крызіс яшчэ ў верасьні сёлета. Кіеў неаднаразова папярэджваў аб плянах Расеі сарваць Чарнаморскае збожжавае пагадненьне, а ў апошні час неаднаразова заяўляў аб тармажэньні Расеяй экспарту збожжа па чарнаморскім калідоры.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў рашэньне Масквы «цалкам абуральным». Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у заяве 29 кастрычніка заклікаў Маскву «аднавіць свой удзел у ініцыятыве», дадаўшы, што з канца ліпеня пагадненьне дазволіла экспартаваць больш за 9 мільёнаў мэтрычных тон збожжа і «зьнізіць цэны па ўсім сьвеце, што было крытычна важным для краін зь нізкім і сярэднім узроўнем даходу».
Міжнародны камітэт выратаваньня (IRC) папярэдзіў аб катастрафічных наступствах прыпыненьня Расеяй свайго ўдзелу ў пагадненні аб экспарце ўкраінскага збожжа. Глябальная гуманітарная арганізацыя заявіла, што вайна ва Ўкраіне ўжо сёньня зьмяніла глябальныя схемы вытворчасьці і паставак харчаваньня.
Інфляцыя ў краінах зь нізкім узроўнем даходаў вырасла амаль да 90 працэнтаў, а 345 мільёнаў чалавек могуць сёлета сутыкнуцца з вострай нястачай прадуктаў харчаваньня.
У арганізацыі заявілі, што, у той час як дзясяткі мільёнаў чалавек сутыкнуліся з крайнім голадам ва Ўсходняй Афрыцы, а Самалі стаіць на мяжы голаду ў выніку самай моцнай засухі за 40 гадоў, аднаўленьне блякады будзе перашкаджаць імпарту 80 працэнтаў збожжа з расейска-ўкраінскага рэгіёна, пагаршаючы сытуацыю.
22 ліпеня прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі падпісалі з ААН і Турэччынай асобныя люстраныя пагадненьні, накіраваныя на разблякаваньне экспарту збожжа з Украіны на фоне глябальнага харчовага крызісу, выкліканага поўнамаштабным уварваньнем Расеі на ўкраінскую тэрыторыю.
Па дадзеных Мінінфраструктуры Ўкраіны, за час дзеяньня збожжавага пагадненьня з Украіны экспартавалі больш за 9 мільёнаў тон харчоў.