Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі : Расея затрымлівае праходжаньне караблёў з харчаваньнем


Тэлезварот Уладзіміра Зяленскага, 21 кастрычніка 2022
Тэлезварот Уладзіміра Зяленскага, 21 кастрычніка 2022

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея затрымлівае праходжаньне караблёў з харчаваньнем. Пра гэта ён сказаў у вечаровым відэазвароце.

Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, за апошнія тыдні сытуацыя вакол экспартнай збожжавай ініцыятывы стала напружанай. «Вораг робіць усё, каб прытармазіць наш экспарт прадуктаў харчаваньня. На сёньняшні дзень больш за 150 суднаў стаяць у чарзе, каб выканаць кантрактныя абавязаньні па пастаўцы нашай аграпрадукцыі. Гэта штучная чарга. Яна ўзьнікла толькі таму, што Расея сьвядома затрымлівае праходжаньне караблёў», — сказаў ён.

Зяленскі заявіў, што празь дзеяньні Расеі Ўкраіна недаэкспартавала каля трох мільёнаў тонаў харчаваньня, што роўна гадавому аб’ёму спажываньня для 10 мільёнаў чалавек.

«Права на ежу і на жыцьцё без голаду — гэта фундамэнтальнае права абсалютна кожнага чалавека на Зямлі. Таму расейскія спробы абвастрыць харчовы крызіс — гэта агрэсія таксама супраць кожнага чалавека на Зямлі», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

Праз поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ў чарнаморскіх партах сабраліся мільёны тонаў харчаваньня. Зрыў экспарту ўкраінскага збожжа і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі стаў адным з фактараў росту сусьветных цэнаў на прадукты харчаваньня, адзначалі экспэрты. У ААН тады папярэджвалі пра небясьпеку голаду ў некаторых краінах, асабліва ў Афрыцы, якія ў значнай меры залежаць ад імпарту ўкраінскага збожжа.

Пасьля перамоваў 22 ліпеня, праведзеных пры пасрэдніцтве Турэччыны і ААН з Расеяй і Ўкраінай былі падпісаныя два асобныя пагадненьні аб аднаўленьні марскога збожжавага экспарту. Бакі дамовіліся аб спыненьні агню «у геаграфічных межах» і частковым разьмінаваньні, каб гарантаваць бясьпеку маршрутаў. Гэтыя дамоўленасьці дзейнічаюць да сярэдзіны лістапада.

Прэзыдэнт Зяленскі заявіў, што партнэры — ААН, Турэччына і іншыя — цалкам інфармаваныя аб сытуацыі з затрымкай экспарту харчаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG