У рашэньні МУС Беларусі ад 20 кастрычніка паведамляецца, што «група грамадзян, аб’яднаных пад агульным кіраўніцтвам Цапкалы В.В., у тым ліку праз шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць».
У склад «экстрэмісцкага фармаваньня» МУС уключыў таксама і ўсе інтэрнэт-рэсурсы, якія належаць камандзе экс-прэтэндэнта на кандыдата ў прэзыдэнты Валерыя Цапкалы.
Таксама прызналі экстрэмісцкім лягатып у выглядзе «фатаграфічнай выявы Цапкалы В.В.».
«Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі таксама Беларускi полк «Пагоня».
Былы кіраўнік і адзін са стваральнікаў ПВТ Валер Цапкала стаў першым, хто паведаміў пра намер удзельнічаць у якасьці кандыдата на выбарах прэзыдэнта ў 2020-м.
Аднак Цэнтравыбаркам адмовіўся рэгістраваць Валера Цапкалу ў якасьці кандыдата нібыта празь недастатковую колькасьць подпісаў. Штаб Цапкалы пры гэтым заяўляў, што ў ЦВК было пададзена звыш 160 тысяч правераных подпісаў пры неабходных 100 тысячах.
Валер Цапкала выехаў зь Беларусі 24 ліпеня 2020 году. Ягоная жонка Вераніка актыўна ўдзельнічала ў кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай да самага дня выбараў.
Цяпер сям’я Цапкалаў жыве ў Латвіі. 6 студзеня 2021 году экс-прэтэндэнт у кандыдаты на прэзыдэнцтва абвясьціў аб стварэньні Дэмакратычнага форуму Беларусі. Форум павінен стаць альтэрнатывай «усебеларускім народным сходам».