Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне расьсьледуюць 43 крымінальныя справы аб сэксуальных злачынствах расейскіх вайскоўцаў супраць мірных грамадзян


МУС Украіны
МУС Украіны

Найбольш пацярпелых — у Кіеўскай вобласьці, але сьледчыя працягваюць працаваць у нядаўна дэакупаваных раёнах Данецкай і Херсонскай абласьцей.

Намесьніца міністра ўнутраных спраў Украіны Кацярына Паўлічэнка заявіла, што праваахоўныя органы зарэгістравалі 43 крымінальныя справы па фактах сэксуальных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў у часе акупацыі ўкраінскіх населеных пунктаў.

«Гэта 43 крымінальныя вядзеньні, але ў адным зь іх можа быць і сапраўды ёсьць некалькі фактаў, то бок некалькі эпізодаў, некалькі пацярпелых або некалькі злачынцаў», — паведаміла Кацярына Паўлічэнка 27 кастрычніка на брыфінгу ў Кіеве.

Намесьніца міністра ўнутраных спраў Украіны падкрэсьліла, што гэтыя злачынствы вельмі цяжка расьсьледаваць, бо пацярпелыя ад сэксуальнага гвалту не гатовыя пра гэта расказваць.

Паўлічэнка паведаміла, што пасьля вызваленьня ад акупацыі ва ўкраінскія населеныя пункты накіроўваюцца спэцыялізаваныя паліцэйскія групы для выяўленьня і дакумэнтаваньня сэксуальных злачынстваў.

Паводле яе, ужо расьсьледуюцца факты групавых згвалтаваньняў, а таксама сэксуальных злачынстваў супраць непаўналетніх.

«Найбольш такіх фактаў выявілі ў Кіеўскай вобласьці — 15 пацярпелых ад сэксуальных злачынстваў, учыненых акупантамі Расейскай Фэдэрацыі. Такія факты задакумэнтаваныя і ў Чарнігаўскай вобласьці, там сама меней трое пацярпелых, у Харкаўскай, Данецкай і Херсонскай. Але ў Данецкай і Херсонскай вобласьці сьледчыя групы працягваюць актыўна працаваць», — удакладніла Кацярына Паўлічэнка.

У верасьні маніторынгавая місія ААН апублікавала абноўленыя зьвесткі пра сэксуальныя злачынствы, учыненыя падчас шырокамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.

У справаздачы паведамлялася, што з пачатку збройнага нападу місія зафіксавала згвалтаваньне васьмі жанчын і адной дзяўчынкі, 15 выпадкаў сэксуальнага гвалту як мэтаду катаваньняў ці жорсткага абыходжаньня з мужчынамі, 11 выпадкаў прымусу да публічнага разьдзяваньня як мужчын, так і жанчын, якія лічыліся «правапарушальнікамі», і восем выпадкаў іншых формаў сэксуальнага гвалту, такіх як прымусовае агаленьне, непажаданыя сэксуальныя дотыкі, сэксуальныя дамаганьні і пагрозы сэксуальнага гвалту.

Паводле Кацярыны Паўлічэнкі, падразьдзяленьні Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ўжо зафіксавалі каля 40 тысяч ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі.

Паводле місіі ААН, 30 такіх выпадкаў былі зьдзейсьненыя Ўзброенымі сіламі Расейскай Фэдэрацыі, два — Узброенымі сіламі або праваахоўнымі органамі Ўкраіны, 11 выпадкаў — цывільнымі асобамі або ўдзельнікамі падразьдзяленьняў тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны. Ва Ўкраіне гэтых лічбаў не камэнтуюць.

У чэрвені МУС Украіны паведамляла, што ў Нацыянальную паліцыю Ўкраіны зьвярнуліся больш за 50 пацярпелых ад сэксуальных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў у часе акупацыі населеных пунктаў сямі абласьцей Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG