Віктар Хрэнін сказаў, што ваенна-палітычная абстаноўка няпростая. «Яна разьвіваецца пад уплывам беспрэцэдэнтнага геапалітычнага супрацьстаяньня паміж Расейскай Фэдэрацыяй і так званым калектыўным Захадам на чале з ЗША», — патлумачыў ён.
Паводле міністра, пад выглядам барацьбы з міграцыйным крызісам у Польшчы, ля самай мяжы зь Беларусьсю, былі сканцэнтраваныя сілы і сродкі трох з чатырох буйных польскіх сухапутных злучэньняў. «Адначасова з боку Ўкраіны пад выглядам вучэньняў, на якіх Беларусь была пазначаная як праціўнік, таксама ішло нарошчваньне войскаў. Практычна Захад адкрыта дэманстраваў гатоўнасьць разьвязаць агрэсію супраць Беларусі. І цалкам заканамерна, што гэтая напружанасьць перайшла ў гарачую фазу», — адзначыў Хрэнін.
«Трэба аб’яднацца ўсяму грамадзтву. І, як сказаў кіраўнік дзяржавы, кожны павінен займацца сваёй справай. Нам, людзям у пагонах, прэзыдэнтам пастаўленая дакладная і зразумелая задача — не дапусьціць разьвязваньня агрэсіі на тэрыторыі нашай дзяржавы. І мы ўжываем усе існуючыя формы і спосабы, перш за ўсё прэвэнтыўнага недапушчэньня разьвязваньня агрэсіі. І гэтую задачу мы будзем выконваць, чаго б нам гэта ні каштавала», — запэўніў міністар.
«Нягледзячы на пэўную трывожнасьць, хачу падкрэсьліць: на сёньня відавочнай пагрозы стварэньня наступальных груповак мы пакуль ня бачым. Але мы гэта ўсё вельмі ўважліва адсочваем і рэагуем», — сказаў Хрэнін.