Ён заявіў, што як мінімум 25 гадоў рыхтуецца да вайны. «Мы сёньня нікуды не зьбіраемся ісьці. Генэрал Хрэнін (міністар абароны. — РС) правільна і дакладна сказаў: калі вы ня хочаце з намі ваяваць, значыць, вайны не будзе. Калі ж нехта прыйдзе з вайной на беларускую зямлю, то натуральна, што ўсе ўстануць на абарону краіны. Куды дзявацца? Калі мы хочам абараніць сваю зямлю, свой дом, сваіх дзяцей. Ніякай вайны. Нам яна не патрэбная. Палезуць — ну вось мы трэніруемся», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго, мабілізацыі ў краіне няма: «Няхай прывядуць хоць адзін прыклад, калі мы запрасілі чалавека ў ваенкамат, далі яму, груба кажучы, стрэльбу і адправілі ў частку. Няхай апусьцяцца на зямлю і пакажуць вам, журналістам, куды мы накіравалі гэтых людзей. А вы паедзеце туды і пагаворыце зь імі ці папрысутнічаеце на трэніроўках».
Паводле Лукашэнкі, улады робяць высновы з хібаў мабілізацыі ў Расеі: «Чалавеку паслалі позву, а яго даўно няма. Некаторыя паўміралі і іншае. Таму пастаўленая вайсковым задача праз ваенкаматы адпрацаваць — першае — сыстэму апавяшчэньня. Не заўсёды позвай па-старому можна запрасіць чалавека. Значыць, гэта ці SMS-паведамленьне, ці радыё, ці праз кіраўнікоў і г. д. Гэта значыць адпрацаваць шляхі, як дастукацца да чалавека, якога мы жадаем мабілізаваць. Далей: знайшлі яго, запрасілі ў ваенкамат, удакладнілі, паглядзелі на яго: падыходзіць — не падыходзіць. Усё, ідзі, хлопец, адпачывай. Вось якая ў нас мабілізацыя: паклікалі, паглядзелі, замералі парамэтры, груба кажучы, ідзі працуй! Якая тут мабілізацыя?!»
Паводле Лукашэнкі, пакуль ідзе зьверка сьпісаў, і гэта робіцца штогод.