Як адзначаюць польскія СМІ, усе прысутныя сэнатары прагаласавалі за рэзалюцыю аб прызнаньні ўлады РФ тэрарыстычным рэжымам.
Сэнат у рэзалюцыі падкрэсьліў, што 24 лютага 2022 году ўзброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі разьвязалі «жорсткую вайну з Украінай».
«Яе мэта — сьцерці з карты сувэрэнную краіну і зьнішчыць украінскую нацыю», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.
У рэзалюцыі таксама сказана, што «Гераічная абарона незалежнасьці грамадзянамі Ўкраіны выклікала захапленьне ўсяго свабоднага сьвету»
«Украіна — самае важнае месца сёньня, якое абараняе дэмакратыю і свабоду. Расейскія акупанты тэрарызуюць жыхароў украінскіх гарадоў, бамбуюць грамадзянскія аб’екты: дзіцячыя сады, школы, тэатры і жылыя масівы. Бандыты ў расейскай форме катуюць і забіваюць ваеннапалонных і мірных жыхароў на акупаваных тэрыторыях. Выкрадаюць украінскіх дзяцей, каб выхаваць зь іх янычараў рэжыму. Яны дэпартуюць, перасяляюць і адпраўляюць грамадзян Украіны на далёкую пэрыфэрыю Расеі», — гаворыцца ў прынятай польскім сэнатам рэзалюцыі.
Раней парлямэнты Эстоніі і Латвіі прызналі Расею «дзяржавай — спонсарам тэрарызму». А Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы па выніках тэрміновых дэбатаў па тэме «Новае абвастрэньне агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны» прыняла рэзалюцыю, у якой абвясьціла рэжым РФ тэрарыстычным.
Украіна заклікае краіны сьвету прызнаць Расею тэрарыстычнай дзяржавай. У адміністрацыі ЗША заяўлялі, што не гатовыя падтрымаць прызнаньне Расеі спонсарам тэрарызму, паколькі Белы дом лічыць, што такое прызнаньне цалкам спыніць магчымасьці супрацоўніцтва з Расеяй у крытычных галінах. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон таксама выказаўся супраць гэтага.