«Буду прасіць не вяртацца, нам трэба перажыць зіму. На жаль, сеткі ня вытрымаюць, вы бачыце, што робіць Расея, — сказала яна. — Калі ёсьць магчымасьць — застацца, пакуль перазімаваць за мяжой».
З прычыны расейскіх ракетных удараў, па дадзеных украінскіх уладаў, у краіне пашкоджана каля 30% энэргетычнай інфраструктуры — генэрацыйных станцый, трансфарматараў, перадатачных сетак. Украінцаў просяць зьнізіць спажываньне электраэнэргіі і папярэджваюць пра імавернасьць так званых веерных адключэньняў падачы электраэнэргіі цэлым мікрараёнам і гарадам. Улады так спрабуюць стабілізаваць адзіную энэргетычную сыстэму краіны.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў відэазвароце да Эўрапейскай рады раней заявіў, што «расейскі тэрор супраць энэргааб’ектаў Украіны накіраваны на тое, каб стварыць Украіне як мага больш праблем з электрычнасьцю і цяплом гэтай восеньню і зімой і каб як мага больш украінцаў паехала ў эўрапейскія краіны».
«Гэта патрабуе ад усёй эўрапейскай супольнасьці новых крокаў у адказ — хуткіх і салідарных. Крокаў, якія будуць абараняць і ўкраінцаў, і ўсіх эўрапейцаў. Тэрор павінен прайграць. Украіна і Эўропа павінны перамагчы», — сказаў ён.
25 кастрычніка кіраўнік Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен на канфэрэнцыі па аднаўленьні Украіны ў Бэрліне паведаміла, што ЭЗ выдзеліць Украіне 1 млрд эўра экстранай дапамогі для аднаўленьня энэргазабесьпячэньня, таксама Кіеву ўжо пастаўлена 400 электрагенэратараў.