Як сьцьвярджае «Наша Ніва», затрыманыя амаль усе топ-мэнэджары вядомай беларускай сеткі крамаў «Суседзі», а таксама прынамсі адзін з галоўных бэнефэцыяраў Вадзім Іванесаў.
Затрыманьні, паводле папярэдняй інфармацыі, праводзіў Камітэт дзяржкантролю.
Адной з імаверных прычын затрыманьняў называецца парушэньне «загаду аб цэнах», але яна не прыярытэтная, адзначае выданьне.
Афіцыйнага пацверджаньня дадзенай інфармацыі няма.
Сетка крамаў «Суседзі» мае 180 крамаў па ўсёй Беларусі, у ёй працуюць агулам больш за 5600 супрацоўнікаў. «Суседзі» належаць кампаніі «Лібрэцік», якая працуе ў Беларусі больш за 20 гадоў.
У ліпені ў «Суседзяў» адбылася маштабная ўцечка зьвестак кліентаў — у сеціве апынуліся дадзеныя 634 тысяч чалавек, зарэгістраваных на сайце сеткі sosedi.by. Праз тыдзень пасьля здарэньня «Суседзі» прызналі ўцечку дадзеных кліентаў. Улады пачалі праверку па факце здарэньня, вынікі яе не агучваліся.