Цяперашняя міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас перамагла міністра фінансаў Рышы Сунака на выбарах, на якіх галасавалі толькі сябры Кансэрватыўнай партыі.
Трас набрала больш за 57% галасоў, Сунак — больш за 42%.
У сваёй прамове пасьля выбараў Трас заявіла, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі стане першым, каму яна патэлефануе на пасадзе прэм’ер-міністра. Калі Трас узначальвала МЗС Вялікай Брытаніі, ведамства ўвяло самыя строгія санкцыі супраць Расеі. Таксама Трас плянавала працаваць з саюзьнікамі па «Групе сямі» для павелічэньня вайсковай і гуманітарнай дапамогі Ўкраіне.
Трас абяцае зьнізіць падаткі, а менавіта адмяніць уведзеныя або заплянаваныя якраз яе супернікам, міністрам фінансаў Рышы Сунакам, павышэньні падатку на ахову здароўя і карпаратыўнага падатку.
У выніку брытанскі бюджэт можа недалічыцца многіх мільярдаў заплянаваных Сунакам збораў. Сунак фінансіст, і ён інстынктыўна імкнецца захаваць бюджэт у раўнавазе. Трас, праўда, паводле першай прафэсіі таксама бухгальтар (і Оксфард абое скончылі па адным і тым жа курсе). Для Трас цяпер важнейшыя прынцыпы, а бюджэт, як яна ўпэўненая, збалянсуецца, трэба толькі адтэрмінаваць постпандэмійнае вяртаньне да ранейшага ліміту дзяржаўнага доўгу.
Акрамя таго, Трас абяцае правесьці агульную рэвізію дзяржаўных выдаткаў, а таксама стварыць інвэстыцыйныя зоны са спрошчанымі правіламі і патрабаваньнямі да фірмаў.
Трас абяцае працягнуць падтрымку Ўкраіны і выканаць усе абяцаньні, які ў гэтай сфэры даваў яе папярэднік Борыс Джонсан.