Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны выдала расьпіску, што Іван мусіць на працягу 10 дзён пакінуць краіну. Ён расказаў Свабодзе сваю гісторыю.
Пасьля таго, як беларускі суд пакараў Івана Красоўскага «хіміяй», ён вырашыў зьехаць з краіны. Плянаваў трапіць ва Ўкраіну праз Расею. Гэта было ўлетку 2021 году.
«Сядзеў каля двух месяцаў у Белгарадзе. Спачатку самастойна шукаў шляхі, каб трапіць ва Ўкраіну. Натрапіў на махляроў. Потым нарваўся на супрацоўнікаў Цэнтру барацьбы з экстрэмізмам. Думаю, неяк засьвяціўся недзе і быў жа ў вышуку. Доўгая гісторыя, як я бегаў і хаваўся ад іх. Па выніку ўсё-ткі з дапамогай Bysol трапіў ва Ўкраіну, нелегальна», — апавядае Іван.
Ён кажа, што не плянаваў заставацца ва Ўкраіне, думаў ехаць у Польшчу.
«Але ў верасьні 2021 прыняў рашэньне застацца. Бо я проста закахаўся ва Ўкраіну. Мы з маёй на той момант дзяўчынай Ірынай падалі дакумэнты ў міграцыйную службу, каб атрымаць статус уцекача, дадатковую абарону. Тады была пандэмія каранавірусу. Міграцыйная служба працавала так-сяк. Мае дакумэнты адсканавалі і сказалі чакаць, калі выклічуць на інтэрвію. Яно зьяўляецца неабходнай працэдурай у працэсе атрыманьня дадатковай абароны. З той пары была цішыня. Маю дзяўчыну выклікалі на інтэрвію аж у студзені 2022 году. Мяне абяцалі выклікаць пазьней. Але я акурат трапіў у шпіталь. Патлумачыў гэта супрацоўнікам ДМС. Бо ў мяне былі праблемы розныя пасьля зьдзекаў і катаваньняў у Беларусі», — кажа былы палітвязень.
24 лютага пачалася вайна. ДМС не працавала. Іван пайшоў валянтэрыць. Спачатку дапамагаў людзям, якія хаваліся ў падвальным памяшканьні, дзе быў беларускі бар «Торвальд». Пазьней вырашыў здымаць дакумэнтальны фільм пра вайну ва Ўкраіне і заадно валянтэрыць.
«Усё будавалася на асабістых сувязях. У мяне іх шмат. Таму я езьдзіў па асабістых дамовах з камандзірамі і на перадавую, і блізка да лініі фронту. Мы таксама вазілі туды гуманітарную дапамогу. Я супрацоўнічаў з рознымі валянтэрскімі арганізацыямі», — кажа беларус.
Пасьля ён вярнуўся ў Кіеў. Вырашыў уладкавацца на працу ў які-небудзь СМІ. Мантаваў відэа, якое зьняў на вайне і на «валянтэрцы».
«Пасьля прылётаў у Кіеве я там здымаў — па дамоўленасьці са знаёмым ратавальнікам-украінцам. Пасьля хацеў запісаць і ягоны камэнтар. Аж да мяне падышла паліцыя. Пачаліся разборкі. Я казаў, што я нармальны беларус, былы палітзьняволены. І вы можаце мяне „загугліць“. Раней, калі мяне спыняла паліцыя, то яны проста правяралі мае дакумэнты ці сапраўды „гуглілі“ і пераконваліся, што я нармальны беларус. Тут жа яны нічога не хацелі слухаць. Я сказаў, што многія людзі могуць пацьвердзіць маю асобу. Яны сказалі, што іх нічога не цікавіць, апроч таго, што зь Беларусі ляцяць ракеты», — кажа Іван.
У выніку Красоўскага прывезьлі ў паліцыю. «Мой тэлефон аддалі супрацоўніку паліцыі на праверку са словамі, што я калябарант. Але пазьней той паліцыянт праверыў цалкам мой тэлефон і сказаў, што ён на 100% упэўнены ва мне і можа паручыцца за мяне, што я нармальны беларус. Пасьля мы паехалі з паліцэйскімі ў міграцыйную службу. Пачалі разьбірацца. Яны не знайшлі ў сваёй базе, што я падаваўся на ўцякацтва. Сказалі 19 кастрычніка прыйсьці за дакумэнтамі. Нічога слухаць ня сталі і сказалі сплаціць штраф. Далі расьпіску, каб цягам дзесяці дзён пакінуў краіну», — дадаў былы палітвязень.
Ён кажа, што будзе абскарджваць пастанову, таму што вельмі хоча застацца жыць ва Ўкраіне. Івану, паводле ягоных словаў, дапамагаюць юрыст з Free Belarus Center і адвакат. «Буду абскарджваць пастанову і паралельна зноў падавацца на ўцякацтва. Я маю надзею, і нават упэўненасьць, што застануся ва Ўкраіне. Маю пляны працаваць тут, здымаць, уладкавацца ў СМІ», — дадаў Іван.