У ліпені міграцыйная служба ўжо пастанаўляла аб прымусовым выезьдзе беларускі да 15 ліпеня, але праз рэзананс гэтае рашэньне анулявалі і пазьней падоўжылі ёй дазволены тэрмін знаходжаньня ва Ўкраіне. Але гэта было толькі часовым вырашэньнем праблемы — дзяўчына для сваёй легалізацыі ва Ўкраіне мусіла зьвярнуцца па атрыманьне статусу ўцекача або па дазвол на часовае жыхарства.
«Я падала дакумэнты 12 верасьня. Перад гэтым два тыдні згубіла ў дэпартамэнце па ўцекачах, бо яны настойвалі, каб я не зьвярталася па абарону, а рабіла дазвол на жыхарства на падставе валянтэрства. Больш як месяц я прачакала нейкага рашэньня, а 18 кастрычніка мне адмовілі. Адмова, імаверна, зьвязаная з тым, што я выяжджала з краіны», — сказала Свабодзе Карына Пацёмкіна.
Беларуская валянтэрка дадала, што больш за месяц разгляд дакумэнтаў не прасоўваўся.
«Да 18 кастрычніка дакумэнты ня рухаліся нікуды, нягледзячы на лісты Бучанскай рады, каб паспрыяць у легалізацыі», — сказала Карына.
Паводле яе, у Дзяржаўнай міграцыйнай службе Ўкраіны прычыну адмовы не паведамілі. «А пасьля ўсяго гэтага я і сама не хачу даведвацца. Зь мяне хапіла», — дадала яна.
Карына Пацёмкіна паведаміла, што пакуль не плянуе абскарджваць рашэньне міграцыйнай службы, але і ня вызначылася пакуль, што рабіць далей.
Беларуска выехала ва Ўкраіну пасьля рэпрэсій на радзіме.
Яна жыла ў Бучы, перажыла там акупацыю, зь якой цудам вырвалася. Пасьля таго як расейскія войскі пакінулі Бучу, Карына вярнулася туды валянтэрыць. Ад мясцовай улады яна атрымала падзяку за сваю дзейнасьць.