Як гаворыцца ў паведамленьні ў тэлеграм-канале акупацыйнай адміністрацыі, «мірныя жыхары Херсону і ўсе падразьдзяленьні і міністэрствы цывільнай адміністрацыі павінны сёньня пераправіцца на левы бераг Дняпра».
Прычынай названа напружаная сытуацыя на фронце, павышаная небясьпека абстрэлаў і пагрозы тэрарыстычных атак. У паведамленьні пазначана месца, адкуль адпраўляюцца рачныя катэры праз Дняпро.
Прызначаная Расеяй адміністрацыя ўжо больш за тыдзень заклікае жыхароў Херсону і правабярэжных раёнаў вобласьці пераехаць на левы бераг, а па магчымасьці ў анэксаваны Крым і расейскія рэгіёны. Аднак катэгарычнае патрабаваньне пакінуць горад прагучала ўпершыню.
Пазьней у суботу ў тэлеграм-канале расейскай адміністрацыі зьявіўся запіс пра тое, што тых жыхароў, якія засталіся ў горадзе, сёньня запрашаюць на вечар расейскай літаратуры, музыкі і жывапісу. Яго правядзеньне патлумачылі тым, што ў горадзе «стараюцца жыць мірным жыцьцём».
Расейскія ўлады абяцалі забясьпечыць тых, хто пакіне Херсонскую вобласьць, часовым жыльлём. Паводле акупацыйных уладаў, з правага берага Дняпра на цяпер выехалі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, незалежнай ацэнкі няма. Украінскія ўлады абвінавачваюць Расею ў дэпартацыі насельніцтва.
Доўгі час — нават на фоне ўкраінскага наступленьня ў Херсонскай вобласьці — мясцовыя расейскія ўлады сьцьвярджалі, што гораду нічога не пагражае, а наступ будзе спынены. Рыторыка памянялася на гэтым тыдні. Нядаўна прызначаны камандуючым расейскімі войскамі ва Ўкраіне генэрал Сяргей Суравікін заявіў, што ў дачыненьні да гораду Херсону магчыма «прыняцьце няпростых рашэньняў», і таксама заклікаў насельніцтва выяжджаць.
Украінскія тэлеграм-каналы ў суботу паведамляюць, што ў Херсоне закрыліся практычна ўсе расейскія ўстановы. Адміністрацыя пераехала яшчэ раней.
Заклікі да жыхароў зьехаць з Херсону гучаць на фоне асьцярог украінскага боку адносна таго, што расейскія вайскоўцы могуць падарваць дамбу Кахоўскай ГЭС, каб запаволіць наступ Украіны. Паводле шэрагу ацэнак, гэта можа прывесьці да затапленьня населеных пунктаў, у тым ліку і часткі Херсону. Расея, у сваю чаргу, абвінавачвае ў плянах падрыву ГЭС Украіну.
Актыўнага наступленьня ўкраінскіх войскаў у бок Херсону цяпер няма.
Расейскія ўлады абвясьцілі пра анэксію чатырох украінскіх абласьцей, у тым ліку Херсонскай, у канцы верасьня. Неўзабаве пасьля гэтага расейскія вайскоўцы адступілі з поўначы вобласьці.
Расейскія войскі захапілі Херсон у першыя дні вайны, у пачатку сакавіка. Гэта адзіны абласны цэнтар Украіны, які перайшоў пад расейскі кантроль пасьля маштабнага ўварваньня ўварваньня 24 лютага.