Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хачу потым плакаць зь мяшком на галаве і казаць, што ехаў на вучэньні». На зборы забіраюць тых, хто адслужыў у спэцназе і выведцы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чытачы Свабоды паведамілі, што тым, хто служыў у спэцназе і выведцы, прыходзяць позвы на вайсковыя зборы.

«Я адслужыў тры гады таму. Цяпер мяне настойліва клічуць у ваенкамат нібыта для зьверкі. Але я даведаўся, што маіх былых саслужыўцаў ужо забралі на зборы. Асабіста я не хачу потым плакаць зь мяшком на галаве ва ўкраінскім палоне і казаць, што я ехаў на вучэньні», — расказаў Свабодзе Руслан (імя зьмененае. — РС).

Ён служыў у выведцы ў 5-й асобнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня ў Мар’інай Горцы. Руслан кажа, што ад дэмабілізацыі (яна была ў яго ў 2019 годзе. — РС) яго ніхто не чапаў.

«Тут жа настойліва клічуць у ваенкамат. Шчыра, я баюся туды ісьці. Бо даведаўся, што ўся наша рота, з кім я служыў у тыя гады, ужо на вучэньнях зь сёньня, з 21 кастрычніка. У таварышаў былі позвы на сёньняшні дзень. Ім паведамілі, што зборы будуць цягнуцца да трыццаці пяці дзён», — дадаў Руслан.

Ён кажа, што баіцца ісьці ў ваенкамат. Цяпер ён на бальнічным, хварэе.

Раней чытач Свабоды паведамляў, што ягонага брата, які ў траўні 2022 году дэмабілізаваўся з часткі, дзе служыў у спэцназе, забралі на зборы. Прычым на мяжу з Украінай.

Жыхар Менску паведаміў Свабодзе, што ягонага знаёмага, які служыў у спэцназе, таксама забралі з 21 кастрычніка, на ваенныя зборы.

«Прычым такім чынам. Увечары 18 кастрычніка да ягонага дому прыехала „хуткая“. Жанчына прадставілася супрацоўніцай ваенкамату, настойліва рэкамэндавала адчыніць дзьверы. Не прадставіла сваіх дакумэнтаў, але ўручыла позву ў ваенкамат на наступны дзень. Ён схадзіў і атрымаў там падпіску аб неразгалошваньні. На зборы мусіць прыбыць сёньня, 21 красавіка», — расказаў чытач Свабоды.

На запыт Свабоды пра ваенныя зборы спэцназу і выведкі сябра Пераходнага аб’яднанага кабінэту Валер Сахашчык адказаў: «Так. Ідзе схаваная мабілізацыя. Усе брыгады сілаў спэцыяльных апэрацый даўкамплектоўваюцца да штатаў ваеннага часу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG