Каб разабрацца, як зараз беларусам падаваць дакумэнты на атрыманьне гуманітарнай візы, Zerkalo патэлефанавала ў консульскі аддзел пасольства Польшчы ў Беларусі. Там пацьвердзілі: сьпіс гарадоў, у якіх можна падацца на візу, стаў меншы.
— Візавыя цэнтры Менску, Гомля і Магілёва спынілі прыём дакумэнтаў на гуманітарныя візы, — заявіў прадстаўнік консульскага аддзелу. — Але калі маеце менскую прапіску, вы можаце зьвярнуцца да нас проста па электроннай пошце.
У такім выпадку, зазначылі ў ведамстве, сытуацыю разгледзяць індывідуальна і можна будзе падаць дакумэнты ў Менску. Праўда, для асабістага разгляду заяўкі консульствам трэба будзе абгрунтаваць факт рэпрэсій і прыкласьці сканы дакумэнтаў, што гэта пацьвярджаюць.
На пытаньне, што рабіць тым, хто прапісаны ня ў Менску, а, напрыклад, у Магілёўскай вобласьці, патлумачылі: калі ёсьць падставы лічыць, што вы зазналі рэпрэсіі, можна таксама падаваць дакумэнты ў сталіцы ў індывідуальным парадку, перад гэтым напісаўшы на пошту. Калі дакумэнтальных пацьверджаньняў няма, трэба будзе зьвяртацца ў візавыя цэнтры Берасьцейскай вобласьці.
Віцебск, Менск, Гомель і Магілёў цяпер абслугоўвае консульства ў Менску, і іх візавыя цэнтры, адпаведна, таксама.
Рашэньне зьменшыць колькасьць гарадоў, дзе можна падаць дакумэнты на гуманітарную візу, прыняло Міністэрства замежных спраў Польшчы. Праўдападобна, гэта адбываецца праз скарачэньне колькасьці дыпляматаў, супрацоўнікаў, і таму скарачаецца і колькасьць дакумэнтаў, якія прымаюцца.