Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Лаўроў: Расеі няма сэнсу захоўваць прысутнасьць у заходніх краінах


Сяргей Лаўроў
Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 18 кастрычніка выступіў перад новымі супрацоўнікамі МЗС. У сваёй прамове ён заявіў, што для Расеі няма сэнсу захоўваць ранейшую дыпляматычную прысутнасьць у заходніх краінах.

Лаўроў лічыць, што ўмовы, у якіх працуюць на Захадзе расейскія дыпляматы, «цяжка назваць чалавечымі». Таксама ён паведаміў, што для расейскіх дыпляматаў на Захадзе не засталося працы, бо Эўропа імкнецца зьвесьці да мінімуму супрацоўніцтва з Расеяй.

Лаўроў таксама заявіў, што зьнешнепалітычная ўвага Расеі павінна пераключыцца на краіны так званага «трэцяга сьвету»: Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі. «Афрыка валодае калясальнай колькасьцю прыродных рэсурсаў, яшчэ зусім нераспрацаваных. Пераважная большасьць краін Лацінскай Амэрыкі працягвае ня проста падтрымліваць з намі адносіны, а зацікаўленая ў іх паглыбленьні», — падкрэсьліў ён.

Паводле Лаўрова, нарошчваньне новых сувязяў «за кошт пераносу ўвагі з ашалелага і разьюшанага Захаду» дасьць магчымасьць наглядна паказаць, што Расея не знаходзіцца ў зьнешнепалітычнай ізаляцыі.

Лаўроў таксама закрануў тэму ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Ён сказаў: «Тое, што адбываецца цяпер, падрабязна апісаў прэзыдэнт Расеі Пуцін у сваіх выступах, улучна зь яго размовай на цырымоніі падпісаньня дамоваў з чатырма новымі суб’ектамі Расейскай Фэдэрацыі — гэта сапраўдны рэцыдыў каляніяльнага мысьленьня, імкненьне падпарадкаваць усё і ўся сваёй волі, даказаць, што “я, гегемон (маю на ўвазе нашых амэрыканскіх калег) буду жыць паводле прынцыпу: што хачу, тое і варачу”».

Лаўроў яшчэ расказаў аб «дзяржперавароце ва Ўкраіне, які праходзіў пад нацысцкімі лёзунгамі і сьцягамі СС», і абвінаваціў ЗША ў падрыхтоўцы гэтага перавароту.

Сяргей Лаўроў не ўдакладніў, якія менавіта аспэкты дыпляматычнай прысутнасьці Расеі ў заходніх краінах ён прапануе скараціць і ці закране скарачэньне консульскую дапамогу грамадзянам Расеі, якія пражываюць за мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG