Пра гэта гаворыцца ў лісьце пастаяннага прадстаўніка Расеі пры ААН Васіля Нябензі генэральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу, піша ТАСС.
«Паводле стану на 1 верасьня 2022 году ніхто з 56 расейскіх прадстаўнікоў з асноўнай дэлегацыі і перадавой групы не атрымаў візу на ўезд у Злучаныя Штаты. Такая ж сытуацыя склалася з суправаджальнымі журналістамі і чальцамі экіпажу самалёта міністра», — гаворыцца ў лісьце.
Нябензя ў лісьце падкрэсьлвае, што ЗША ў якасьці краіны, у якой разьмяшчаецца штаб-кватэра ААН, абавязаныя забясьпечваць магчымасьць удзелу дэлегацый у мерапрыемствах сусьветнай арганізацыі.
У ААН на гэта адказалі, што актыўна кантактуюць з ЗША па візах для дэлегацыі Лаўрова.
«Генсакратар ААН і іншыя высокапастаўленыя прадстаўнікі арганізацыі застаюцца ў шчыльным кантакце з прымаючым бокам і адпаведнымі місіямі пры ААН, у тым ліку місіяй РФ, па пытаньнях адносна пагадненьня паміж ЗША і ААН аб штаб-кватэры, — паведамілі ў прэс-службе. — Мы актыўна ўзаемадзейнічаем зь місіяй ЗША па візах для дэлегацый на будучыя мерапрыемствы ў штаб-кватэры ААН і падтрымліваем сувязь зь місіяй ЗША па канкрэтных выпадках, на якія зьвяртаюць нашу ўвагу. Так мы робім і ў дадзеным выпадку».