Як паведамляе Gazeta Wyborcza са спасылкай на самога Альшанскага, Partia Komracka (Партыя таварышаў) будзе нацыяналістычнай сілай, створанай «палякамі для палякаў». «Камрацкі кодэкс» пачынаецца са словаў: «Мы, польскія таварышы (...) дзеля таго, каб супрацьстаяць забойствам, учыненым на польскім народзе (...), пастанаўляем, што наша воля — вызваліць Бацькаўшчыну з рук катаў...».
Войцех Альшанскі вядомы сваёй антыўкраінскай, антысэміцкай, антыамэрыканскай рыторыкай. Ён публічна хваліць Пуціна і Лукашэнку, а жніўні абвясьціў пра намер пераехаць у Беларусь.
Польскі «Цэнтар маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзінаў» называе яго «фашыстам». Дзяржаўная беларуская тэлевізія ў сваіх сюжэтах называе яго польскім патрыётам. Альшанскі атрымаў вядомасьць у 2016 годзе, запісваючы на Youtube пад псэўданімам «Аляксандар Ябланоўскі» ролікі, поўныя прапаганды гвалту, нянавісьці і антысэмітызму. Таксама Альшанскі адкрыта выступаў за выхад Польшчы з Эўразьвязу, супраць мігрантаў, ЗША і вакцынацыі.
У 2020 годзе Альшанскі разам са сваімі паплечнікамі зладзіў пікеты пад офісамі «Белсату» і Цэнтру беларускай салідарнасьці ў Варшаве з чырвона-зялёнымі сьцягамі. Мітынгоўцы называюць сябе «польскімі нацыяналістамі», выказваюць падтрымку Лукашэнку і Пуціну, асуджаюць беларускую апазыцыю і асабіста Ціханоўскую, называючы яе «габрэйкай». Цэнтар маніторынгу апісвае арганізацыю Альшанскага як «антысэміцкую» і «антыўкраінскую».
Дзейнасьць затрыманага не абмяжоўвалася толькі словамі. У траўні 2021 году на беларускай акцыі ў Быдгашчы Альшанскі распыліў пярцовы газ у твар студэнту зь Беларусі Глебу Вайкулю, затым апублікаваў відэа інцыдэнту ў інтэрнэце і заклікаў нападаць на беларусаў. У лістападзе ў горадзе Каліш ён арганізаваў марш з нагоды Дня Незалежнасьці Польшчы, які абярнуўся беспарадкамі і антысэміцкімі лёзунгамі. У студзені 2022 году на мітынгу антыпрышчэпнікаў у Быдгашчы Альшанскі заклікаў да забойства дэпутатаў Сэйму.
За гэтыя інцыдэнты стрымэра затрымлівалі, супраць яго пачалі шэраг крымінальных спраў.