Такое палажэньне было ўключана ў праект заключэньняў двухдзённага саміту, які распачнецца ў чацьвер. Зь ім пазнаёмілася брусэльская карэспандэнтка Польскага радыё.
Лідары 27 краін заклічуць менскі рэжым спыніць падтрымку расейскіх вайскоўцаў і не дазваляць ім выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападаў на Ўкраіну.
— Беларускі рэжым павінен цалкам выконваць свае абавязальніцтвы ў рамках міжнароднага права. Эўразьвяз гатовы дзейнічаць хутка і пры неабходнасьці ўвесьці санкцыі — гаворыцца ў вытрымцы з заключэньняў, падрыхтаваных да саміту ЭЗ. Пра дэталі новых санкцыяў пакуль не паведамляецца.
Аляксандар Лукашэнка выступіў на нарадзе ў пытаньнях бясьпекі раніцай 10 кастрычніка. Там ён заявіў аб прынятым сумесна з Пуціным рашэньні аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь.
Увечары 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі.
Украінскае МЗС адрэагавала на такія заявы. Там падкрэсьлілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і назвалі дзеяньні Менску «чарговымі інсінуацыямі рэжыму».