Крыніцы «Нашай Нівы» з розных відаў войскаў кажуць, што на гэтым тыдні ім паведамілі пра забарону выезду за мяжу для любых мэтаў. Выключэньне — выезды ў Расею.
Пакуль, паводле іх зьвестак, адпаведныя распараджэньні аддаюцца вусна.
«Але і пісьмова давядуць, звычайна так і робіцца. Спачатку скажуць на словах, потым аформяць у загад. Чаму нельга выяжджаць? Таму што паўсюль вораг, нельга трапіць яму ў лапы. Ты патрэбны на Радзіме ў такі час, сынок. Ну неяк так», — кажуць крыніцы выданьня.
Паводле «Нашай нівы», па ўсёй краіне таксама ідзе кампанія адбіраньня пашпартоў у сілавікоў.
«Ну, раней нехта здаваў, нехта не здаваў, кагосьці ўпрошвалі, хтосьці адмахваўся, так яно і „спускалася“. А цяпер ужо проста мэтава, з патрабаваньнем, забіраюць пашпарты і адразу іх у сэйф, да начальніка», — сказаў газэце міліцыянт аднаго з райаддзелаў.
Як мы паведамлялі, 12 кастрычніка Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні закон аб парадку выдачы біямэтрычных пашпартоў і абмежаваньнях на выезд з краіны.
Паводле законапраекту супрацоўнікам сілавых ведамстваў, уключаючы цывільны пэрсанал, можна будзе выехаць за межы Беларусі толькі па ўзгадненьні з кіраўніцтвам, якое можа накласьці забарону «ў мэтах забесьпячэньня інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі да спыненьня абставінаў, якія перашкаджаюць выезду». Калі ў такіх асобаў ёсьць біямэтрычны пашпарт, на час службы яго давядзецца здаць у аддзел кадраў.