Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады забаранілі службы ў парафільным доме Чырвонага касьцёла ў Менску


Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк моліцца на ганку Чырвонага касьцёла, 11 кастрычніка 2022
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк моліцца на ганку Чырвонага касьцёла, 11 кастрычніка 2022

Разьвітальная імша ў будынку плябаніі, якую правёў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, стала апошняй.

Як стала вядома «Хрысціянскай візіі», улады запатрабавалі спыніць службы. У памяшканьні плябаніі адразу пасьля інцыдэнту з «пажарам» 26-га верасьня, адключылі электрычнасьць, ваду і ацяпленьне.

5 кастрычніка кіраўнік «Менскай спадчыны» А. А. Кохан накіраваў ліст «Аб эксплюатацыі будынка» пробашчу Чырвонага касьцёла Ўладзіславу Завальнюку наконт эксплюатацыі будынка плябаніі (парафіяльнага дома), якая зьяўляецца часткай комплексу, аб'яднанага агульнымі інжынэрнымі сеткамі.

У сувязі з вывядзеньнем з эксплюатацыі будынка Чырвонага касьцёла, а таксама яго цепла- і электразабесьпячэньня, пазбаўляецца вады, цяпла і электрычнасьці таксама будынак плябаніі. У сувязі з гэтым ад абшчыны запатрабавалі вызваліць памяшканьне да 13 кастрычніка і вярнуць камплект ключоў КУП «Менская спадчына».

12 кастрычніка ўвечары каля закрытага ўладамі касьцёла Сьвятых Сымона і Алены ў Менску прайшла разьвітальная імша. Набажэнства ў парафіяльным доме храма правёў пробашч Уладзіслаў Завальнюк.

«Людзей на апошнюю службу прыйшло больш, чым звычайна, — нават ня ўсе змаглі зьмясьціцца ў памяшканьні парафіяльнага дома», — гаворыцца ў паведамленьні «Хрысціянскай візіі».

Паводле відавочцаў, каля будынка дзяжурылі супрацоўнікі МУС у цывільным. Пасьля службы парафіянаў папрасілі не зьбірацца каля Чырвонага касьцёла на малітву, каб пазьбегнуць правакацый.

12 кастрычніка скончыўся тэрмін, вынесены каталіцкай супольнасьці для высяленьня з Чырвонага касьцёла і парафіяльнага дома. У гэты дзень парафію наведалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Казімір Велікаселец.

«Мітрапаліт на пэнсіі плакаў ад безвыходнасьці сытуацыі», — расказалі сьведкі.

Як у каталікоў забралі Чырвоны касьцёл

Чырвоны касьцёл быў закрыты ўладамі для вернікаў і сьвятароў пасьля інцыдэнту з узгараньнем 26 верасьня. Ужо неўзабаве ўлады пастанавілі забраць будынак у парафіі, матывуючы рашэньне неабходнасьцю рамонту.

Ужо да 12 кастрычніка парафіі неабходна было забраць сваю маёмасьць з будынка. Але вернікаў і ксяндза не пускаюць у будынак касьцёла.

Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк, які ўжо больш за тыдзень трымае «чысты пост», 11 кастрычніка маліўся на ганку каля зачыненых дзьвярэй Чырвонага касьцёла, калі да яго падышлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі гвалтам адцягнуць з патрабаваньнем: «Пройдёмте!». Сьвятар папрасіў іх не кранаць яго, і міліцыянты перасталі яго чапаць. Сілавікі перашкаджалі малітве і іншых людзей, якія зьбіраліся каля сьвятыні.

11 кастрычніка каталіцкая суполка накіравала Лукашэнку адкрыты ліст з просьбай дапусьціць упаўнаважаных прадстаўнікоў прыходу да агляду пашкоджаных пажарам збудаваньняў Чырвонага касьцёла ў Менску. Копія ліста разьмешчаная на сайце парафіі.

Парафіяне таксама заявілі аб тым, што пажар у храме быў не выпадковым, і накіравалі ў Сьледчы камітэт запыт аб даваньні інфармацыі па выніках праведзеных сьледчых дзеяньняў.

13 кастрычніка споўнілася 175 гадоў фундатару касьцёла Эдварду Вайніловічу. Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзеяч, мэмуарыст, нарадзіўся ў 1847 годзе. У 1905–1910 гадах на грошы Вайніловіча пабудавалі Чырвоны касьцёл у Менску ў памяць пра ягоных дзяцей, якія заўчасна памерлі, — Сымона і Алену Вайніловічаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG