«Лёгіка дзеяньняў Украіны зьяўляецца выключна абароннай, вымушана абароннай, таму што ўжо, на жаль, сёлета маем ужо нэгатыўны досьвед парушэньня лёгікі добрасуседзкіх дачыненьняў, маем факты наземнага ўварваньня з боку нашага паўночнага суседа, выкарыстаньня ягонай інфраструктуры для ажыцьцяўленьня агрэсіі супраць нашай дзяржавы, выкарыстаньня авіяцыйнай кампанэнты, ажыцьцяўленьня абстрэлаў па нашай тэрыторыі, таму мы ня можам рэагаваць інакш. Тут пагрозы ўжо відавочныя», — сказаў Ігар Бандарэнка на брыфінгу ў Кіеве.
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны нагадаў, што на прылеглай да мяжы ўкраінскай тэрыторыі праведзена замінаваньне, але ніякага падрыву мастоў не ажыцьцяўлялі, як гэта заявілі ў Беларусі, калі папярэдзілі аб нібыта існаваньні пагрозы з боку Ўкраіны.
«Мы нарошчваем нашыя магчымасьці даць адпор у выпадку спробы [уварваньня]. Мінныя загароды разьмешчаныя на нашай тэрыторыі, і іх можна візуальна назіраць зь беларускага боку. І ў гэтым няма ніякай таямніцы. Гэта ўсё захады абароннага характару. Ніхто паводле вайсковай навукі ці тактыкі ня будзе мінаваць шляхі і руйнаваць інфраструктуру, каб ажыцьцявіць напад. Будзе адпор. Ня будзе такой сытуацыі, як у лютым», — падкрэсьліў ён.
Ігар Бандарэнка дадаў, што такія абаронныя захады пачалі рабіцца з чэрвеня і далей будуць толькі працягвацца, нягледзячы на агрэсіўную рыторыку Беларусі.
«Адпор будзе адразу на мяжы. І спрабаваць гэта праверыць ня трэба, бо страты будуць з боку агрэсара вялікія. Мы гатовыя, і сваю гатоўнасьць будзем яшчэ нарошчваць. Гэта яшчэ не канцавая стадыя», — патлумачыў намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў часе выступу на саміце G7 прапанаваў разьмясьціць міжнародных назіральнікаў на ўкраінска-беларускай мяжы, каб пазьбегнуць правакацый.
«Мір магчымы проста тады, калі ёсьць мір не з адным суседам, а калі ён з усімі суседзямі. Я хачу зьвярнуць увагу на адну краіну. Тэрыторыя Беларусі ўжо выкарыстоўваецца для ўдараў па Ўкраіне. Цяпер мы бачым вялікую пагрозу. Расея спрабуе наўпрост уцягнуць Беларусь у вайну, разыгрываючы правакацыю з тым, што мы нібыта рыхтуем удар па гэтай краіне», — сказаў Зяленскі.
«Каб цалкам зьняць гэтую правакацыю, зьняць гэтыя наратывы, якія гучаць ад Лукашэнкі, мы прапануем сваё рашэньне: на мяжы Ўкраіны і Беларусі можа быць разьмешчаная місія міжнародных назіральнікаў для маніторынгу сытуацыі ў справе бясьпекі, — сказаў Зяленскі. — Фармат можа быць распрацаваны нашымі дыпляматамі. Я вас прашу на ўзроўні G7 падтрымаць гэтую ініцыятыву».
Што папярэднічала
8 кастрычніка ў МЗС Беларусі быў запрошаны амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім, якому ўручылі дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджаў, што Ўкраіна нібыта плянуе напад на тэрыторыю Беларусі. Зьвяртае на сябе ўвагу тая тэрміновасьць, зь якой быў зроблены гэты дыпляматычны дэмарш. Амбасадар Украіны быў выкліканы ў МЗС увечары выходнага дня.
Назаўтра, у нядзелю 9 кастрычніка, на тэлеканале СТВ зьявілася заява старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Анатоля Лапо, што нібыта ўкраінцы ўзарвалі практычна ўсе памежныя масты і замінавалі дарогі, «цэляцца ў нашых памежнікаў, часам страляюць у паветра».
Можна меркаваць, што гэта стала прамым наступствам перамоваў Лукашэнкі з Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Пад ціскам Масквы Менск ідзе на максымальнае абвастрэньне адносін з Украінай.
10 кастрычніка Лукашэнка праводзіць нараду ў пытаньнях бясьпекі, на якой таксама абвінавачвае Ўкраіну ў тым, што тая плянуе напад на Беларусь. Апошнія заявы беларускіх афіцыйных асобаў вельмі нагадваюць пошук casus belli — фармальнай падставы для абвяшчэньня вайны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.