Сёлета прэміяй уганаравалі эканамістаў Бэна Бэрнанке, Дугласа Дайманда і Філіпа Дыбвіга за дасьледаваньні банкаў і фінансавых крызісаў. У прэс-рэлізе Нобэлеўскага камітэту зазначана, што іхныя работы значна палепшылі разуменьне ролі банкаў у эканоміцы, асабліва падчас фінансавых крызісаў.
Дайманд і Дыбвіг у сваёй тэорыі паказалі, як спраўляцца з супярэчнасьцю, закладзенай у банкаўскай сыстэме: калі фундатары хочуць мець імгненны доступ да сваіх грошай, а крэдытаатрымальнікі — гарантыі, што іх раптам не прымусяць аддаваць пазыкі. Гэтую небясьпечную дынаміку можна прадухіліць, калі ўрад забясьпечыць страхаваньне дэпазытаў і выступіць у якасьці крэдытора апошняй інстанцыі для банкаў.
Дайманд таксама паказаў, што банкі, якія выступаюць пасярэднікамі паміж многімі ўкладчыкамі і пазычальнікамі, лепш падыходзяць для ацэнкі крэдытаздольнасьці пазычальнікаў і забесьпячэньня таго, каб пазыкі выкарыстоўваліся для выгадных інвэстыцый.
Старшыня Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША падчас сусьветнага фінансавага крызісу нулявых Бэн Бэрнанке адзначаны за свае дасьледаваньні Вялікай Дэпрэсіі.