Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дзень Польша, Літва і Латвія спынілі 187 мігрантаў зь Беларусі


За мінулыя суткі суседнія зь Беларусьсю краіны не дазволілі нелегальна трапіць у Эўразьвяз 187 мігрантам з тэрыторыі Беларусі.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што 7 кастрычніка на літоўска-беларускім памежжы разьвярнулі 63 мігрантаў. Са студзеня 2022 году ў Літве ўжо зафіксавалі 8 927 спробаў нелегальнага пераходу мяжы.

Літоўскае ведамства са спасылкай на калег зь Дзяржаўнай пагранічнай аховы Латвіі таксама адзначыла, што ў папярэдні дзень было задакумэнтавана 17 спробаў незаконнага перасячэньня беларуска-латвійскай мяжы.

Памежная ахова Польшчы паведаміла, што за мінулыя суткі з боку Беларусі мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы 107 замежнікаў. За дапамогу ў нелегальнай міграцыі затрымалі грамадзяніна Расеі і Ўкраіны.

Памежны камітэт Беларусі зноў заяўляе, што на мяжы зь Літвой знайшлі мігранта без прытомнасьці

Прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі заявіла, што ў Браслаўскім раёне 7 кастрычніка памежны нарад знайшоў іншаземца, імаверна, грамадзяніна Бангладэш, у «непрытомным стане зь відавочнымі прыкметамі пераахаладжэньня», яго шпіталізавалі ў рэанімацыю. Ведамства сьцьвярджае, што «па словах замежніка, літоўскія сілавікі выцесьнілі яго ў Беларусь».

1 кастрычніка Памежны камітэт заявіў, што на беларуска-літоўскай мяжы знайшлі замежніка-нелегала з Нэпалу з ранамі, абмаражэньнем і ў непрытомным стане, а 2 кастрычніка — мёртвага мігранта.

У Літве паведамленьне беларускага ведамства пакуль не камэнтавалі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня вырашыла не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, замежнікі пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Да пачатку вайны ва Ўкраіне плынь мігрантаў істотна скарацілася, але праз нейкі час зноў пачала расьці.

Улады Літвы і Польшчы ўскладаюць адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады. 7 верасьня Літва ўручыла Беларусі ноту пратэсту ў сувязі зь «неаднаразовымі выпадкамі наўмыснага пашкоджаньня фізычнай агароджы (ахоўнага плота і калючага дроту) на літоўскай дзяржаўнай мяжы». Беларускія ўлады ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG