Уцекачы расказалі выданьню GazetaWyborcza, што качуюць там ужо 10 дзён без вады і ежы. Яны просяць гуманітарнай дапамогі. У сваю чаргу ў панядзелак (26 верасьня) у раёне Баброўнікоў шукалі 30-гадовую кангалезку, якая падчас прымусовага вяртаньня з Польшчы пачала тануць у памежнай рацэ Сьвіслач.
Газэта атрымала відэазапіс, зроблены на мяжы, у якім малады сырыец просіць польскіх актывістаў перадаць ім на беларускі бок трохі вады і харчоў. У роліку ён прапануе зрабіць гэта цераз плот, без неабходнасьці пераходзіць мяжу.
Сырыец пацьвярджае, што ў розных групах мігрантаў, якія сабраліся паміж польскай мяжой і беларускім калючым дротам, ёсьць жанчыны і дзеці з усіх канфліктных рэгіёнаў: емэнцы, іранцы, туркі (напэўна, курды), але пераважна сырыйцы.
Усе гэтыя людзі, паводле выданьня, скарысталіся беларускай візай і прапановай з абяцанай магчымасьцю беспраблемнага перасячэньня мяжы Эўразьвязу. Gazeta Wyborcza нагадвае, што летам ніводнага разу мігрантаў зь беларускага боку не трымалі ў адным месцы, ня даўшы ім магчымасьці рухацца.
Цяпер там, паводле саміх уцекачоў, 800 чалавек, якія 10 дзён не атрымліваюць ежы і пітной вады, а беларускія сілавікі не пускаюць іх у Менск, пагражаючы пабіць. Уначы тэмпэратура апускаецца ніжэй за 10 градусаў.
Паводле паведамленьня памежнай службы ў панядзелак, з 23 па 25 верасьня памежнікі выявілі 200 чалавек, якія спрабавалі перасекчы мяжу.