Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International запусьціла кампанію ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

У афіцыйным прэс-рэлізе Amnesty International заклікае ўсіх пісаць лісты на адрас Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Беларусі з патрабаваньнем спыніць жорсткае абыходжаньне зь Сяргеем Ціханоўскім за кратамі і неадкладна яго вызваліць.

Праваабаронцы адзначаюць, што адміністрацыя турмы пастаянна карае Сяргея Ціханоўскага за ілжывыя «правапарушэньні» і стварае для яго ўмовы, якія можна прыраўняць да «жорсткага, бесчалавечнага і зьневажальнага годнасьць абыходжаньня».

Праваабаронцы распачалі кампанію, у рамках якой заклікаюць усіх неабыякавых людзей пісаць лісты на адрас начальніка аддзела выкананьня пакараньняў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Алега Маткіна з патрабаваньнем неадкладна спыніць жорсткае абыходжаньне з палітвязьнем і неадкладна яго вызваліць.

Amnesty International просіць дасылаць лісты да 30 лістапада на электронны адрас pismo_din@mia.by або mi.udin.oto@din.gov.by.

Тэкст ліста — адвольны, у прэс-рэлізе праваабаронцы прыводзяць і прыкладны ўзор:

«Паважаны начальнік Упраўленьня выкананьня пакараньняў! Я пішу, каб выказаць сваю найглыбейшую заклапочанасьць наконт блогера і актывіста Сяргея Ціханоўскага, які адбывае палітычна матываваны прысуд у калёніі № 8 г. Жодзіна і зазнае цкаваньне і жорсткае абыходжаньне з боку адміністрацыі калёніі.

З моманту яго пераводу ў турму № 8 19 жніўня 2022 году ён зазнаваў жорсткія і сталыя пакараньні, такія як зьмяшчэньне ў штрафны ізалятар і перавод у турэмную ўстанову з больш строгім рэжымам нібыта за „злоснае парушэньне“ правілаў унутранага распарадку. Больш за тое, паводле інфармацыі, атрыманай Amnesty International, адміністрацыя калёніі мэтанакіравана падвергла Сяргея Ціханоўскага сур’ёзным рызыкам для яго бясьпекі і адмовілася ліквідаваць іх, пазбавіўшы яго мераў абароны, якія ён прасіў. Умовы, у якіх знаходзіцца Сяргей Ціханоўскі, прыраўноўваюцца да жорсткага, бесчалавечнага і зьневажальнага годнасьць абыходжаньня і гэта трэба неадкладна спыніць.

Сяргей Ціханоўскі адбывае 18-гадовы тэрмін паводле сфабрыкаванага абвінавачаньня. Ён ня зьдзейсьніў злачынства і перасьледуецца ў адплату за сваю палітычную актыўнасьць і актыўнасьць ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай.

Я заклікаю вас забясьпечыць неадкладнае спыненьне жорсткага абыходжаньня зь Сяргеем Ціханоўскім, яго павінны ўтрымліваць ва ўмовах, якія адпавядаюць міжнародным стандартам абыходжаньня са зьняволенымі. Сяргей Ціханоўскі павінен быць вызвалены неадкладна і безумоўна».

Сяргей Ціханоўскі, прызнаны вінаватым паводле чатырох артыкулаў КК, асуджаны летась у сьнежні на 18 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

18 жніўня, у дзень нараджэньня Ціханоўскага, яго перавялі ў турму ў Жодзіне і адразу ж зьмясьцілі ў ШЫЗА. Блогера перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады. У штрафным ізалятары ён ня можа карыстацца сваімі рэчамі, вымушаны спаць на голых дошках без матраца і пасьцельнай бялізны, яму забаронена набываць прадукты і рэчы першай неабходнасьці. Таксама Ціханоўскі часова пазбаўлены перадач і лістоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG