Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі беларускі Нобэль


Алесь Бяляцкі на цырымоніі ўручэньня прэміі «Right Livelihood Award», Стакгольм, 3 сьнежня 2020
Алесь Бяляцкі на цырымоніі ўручэньня прэміі «Right Livelihood Award», Стакгольм, 3 сьнежня 2020

Яшчэ 10 гадоў таму беларусы пра гэта і марыць не маглі. А сёньня яны маюць ужо другога Нобэлеўскага ляўрэата за сем гадоў. Вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. У пэўным сэнсе сьвет даведваецца пра Беларусь дзякуючы Нобэлю.

Сьцісла:

  • Чыньнік вайны ва Ўкраіне адыграў важную ролю ў выбары сёлетніх ляўрэатаў.
  • Выйсьце знайшлі, аддаўшы прэмію праваабаронцам трох краін, якія ўдзельнічаюць у вайне.
  • Важным чыньнікам стала тое, што цяпер Бяляцкі разам з сваімі паплечнікамі па «Вясьне» сядзіць за кратамі.
  • Цяперашні Нобэль для Беларусі — гэта рэха пратэстаў 2020 году.
  • Лукашэнка займеў вельмі важнага палітзьняволенага, за якога можна патрабаваць ад Захаду вялікі выкуп.

Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз ужо заявіў, што Нобэлеўская прэмія міру палітызаваная. Папрок дзіўнаваты. Бо з усіх Нобэлеўскіх прэміяў прэмія міру — адзіная, якая ў значнай ступені носіць палітычнае адценьне. Бо як можна змагацца за мір па-за палітычнай плашчынёй? Праблемы вайны і міру — галоўныя палітычныя пытаньні ў сьвеце. Таму прэмія міру проста ня можа быць непалітызаванай паводле самой прыроды.

Мяркую, што чыньнік вайны ва Ўкраіне якраз адыграў важную ролю ў выбары сёлетніх ляўрэатаў. Даваць прэмію міру, не зважаючы на першую пасьля 1945 году вялікую вайну ў Эўропе, якая скаланула ўвесь сьвет, не выпадала. Ляўрэаты павінны былі быць неяк зьвязаныя з гэтай падзеяй. Зь іншага боку, знайсьці кандыдатаў на прэмію міру падчас бязьлітаснай вайны — задача нялёгкая.

Нобэлеўскі камітэт ня стаў уганароўваць палітыкаў. Хоць сярод кандыдатаў былі Ўладзімір Зяленскі, Аляксей Навальны, Сьвятлана Ціханоўская. Выйсьце знайшлі, аддаўшы прэмію праваабаронцам трох краін, якія ўдзельнічаюць у вайне. Прычым калі з Расеі і Ўкраіны ўганаравалі праваабарончыя арганізацыі («Мэмарыял», «Цэнтар грамадзянскіх свабод»), то зь Беларусі прэмію прысудзілі пэрсоне — Алесю Бяляцкаму. Хоць маглі і тут выбраць праваабарончы цэнтар «Вясна».

Думаю, на такое рашэньне паўплывала некалькі чыньнікаў. Найперш, варта нагадаць, што Алесь Бяляцкі вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру пяць разоў. То бок у яго ў гэтым пляне быў вялікі бэкграўнд.

Другі момант. Важным чыньнікам стала тое, што цяпер Бяляцкі разам з сваімі паплечнікамі па «Вясьне» сядзіць за кратамі. Прычым другі раз у сваім жыцьці. І цяпер яму «сьвеціць» немалы тэрмін у калёніі. Ён прызнаны палітзьняволеным і вязьнем сумленьня.

Таксама варта адзначыць, што цяперашні Нобэль для Беларусі — гэта рэха катаклізму 2020 году. Тыя пратэсты нейкі час былі галоўнай сусьветнай падзеяй. Таму можна лічыць, што гэтую прэмію заваявалі тыя дзясяткі і сотні тысяч беларусаў, якія два гады таму некалькі месяцаў выходзілі на вуліцу.

Уганараваньне Бяляцкага, які сядзіць за кратамі, павінна прыцягнуць увагу сусьветнай супольнасьці да таго, што ў Беларусі больш за тысячу палітвязьняў.

Што да рэакцыі ўладаў. Шмат меркаваньняў, што гэтым рашэньнем Нобэлеўскі камітэт паставіў беларускі палітычны рэжым у няёмкае становішча. Нібы непрыемна, што нобэлеўскі ляўрэат сядзіць за кратамі. Але і вызваляць ня вельмі выпадае, бо падумаюць, што Лукашэнка спужаўся маральнага ціску сусьветнай супольнасьці.

Можа і так. Але, магчыма, усё значна прасьцей. Лукашэнка займеў вельмі важнага палітзьняволенага. Для яго гэта дарагі тавар, за які можна патрабаваць ад Захаду вялікі выкуп.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG