Пра вынікі жнівеньскага апытаньня на канале Свабода Premium расказвае доктар палітычных навук, кіраўнік беларускага праекту брытанскага дасьледчага цэнтру Chatham House Рыгор Астапеня.
Сьцісла
- 40% беларусаў-гараджанаў маюць сваякоў у Расеі.
- Цяпер — з прычыны ковіду і вайны — толькі 5% гарадзкіх беларусаў маюць візы ў краіны ЭЗ. Але хочуць іх атрымаць 17%.
- Найчасьцей у апошнія 5 гадоў беларусы езьдзілі за мяжу ў Расею і ва Ўкраіну.
- Сярод апытаных 38% хацелі б жыць і працаваць на Захадзе, 33% — у Расеі.
- Выбар на карысьць Захаду абумоўліваецца высокай ацэнкай тамтэйшага дабрабыту і дэмакратыі; выбар на карысьць Расеі — культурнай і мэнтальнай блізкасьцю.
- Да заходняй культуры адносяць сябе нямногія беларусы, але заходні лад жыцьця станоўча ацэньвае большасьць.
- На думку рэспандэнтаў, уплыў расейскай культуры ў Беларусі пераважае ўплыў заходняй. Але заходні ўплыў большасьць ацэньвае станоўча.
- Пры параўнаньні посьпехаў у розных сфэрах жыцьця ў Беларусі, Нямеччыне, ЗША, Польшчы і Расеі беларусы найгорш ацэньваюць Беларусь.
— Колькі беларусаў маюць сваякоў за мяжой? І хто дзе іх мае?
— Большасьць гараджанаў-беларусаў — 62% — маюць сваякоў за мяжой. Найбольш сваякоў у краінах-суседзях — гэта Расея і Ўкраіна. У большасьці тых, хто мае сваякоў за мяжой, гэтыя сваякі жывуць у Расеі — у 69% ад 62%. Гэта значыць, што прыкладна 40% беларусаў маюць сваякоў у Расеі.
— Кантрастная лічба — колькі беларусаў зараз маюць шэнгенскія візы. Некалькі гадоў таму было дасьледаваньне Андрэя Елісеева, паводле якога беларусы былі сярод лідэраў у сьвеце па колькасьці атрыманых шэнгенскіх візаў. А якая цяпер сытуацыя?
— 5% гарадзкіх беларусаў цяпер маюць візы Эўразьвязу. Гэта ня толькі шэнгенскія — гэта і нацыянальныя, і гуманітарныя. 5% — гэта няшмат, але трэба разумець, што гэтая доля зьменшылася, цяпер няшмат месцаў, дзе беларусы гэтыя візы могуць атрымаць.
А тэрмін дзейнасьці візаў канчаецца. Яны звычайна былі гадавыя. А апошнія гады людзі мала езьдзілі з прычыны каранавірусу.
Мы задавалі рэспандэнтам пытаньне, у якіх замежных краінах яны бывалі ў апошнія 5 гадоў. Мы не пыталіся пра апошнія 2 гады, бо амаль усе межы тады былі закрытыя.
Цікава, што 17% апытаных адказалі, што плянуюць атрымаць візы ў краіны ЭЗ на працягу 6 месяцаў. Але гэта намеры, мы ня можам сказаць, што яны спраўдзяцца.
Ёсьць сувязь паміж даходамі людзей і іх намерамі атрымаць візу ў ЭЗ — чым вышэйшыя даходы, тым большая доля ахвотных атрымаць візу.
Беларусь — даволі бедная краіна, і няшмат яе жыхароў могуць дазволіць сабе паездкі за мяжу.
І ёсьць сувязь з палітычнымі поглядамі — людзі з дэмакратычнымі поглядамі часьцей выказваюць намер атрымаць эўрапейскую візу. Мы мяркуем, што адзін з матываў — гэта мець магчымасьць хутка зьехаць зь Беларусі, калі абставіны складуцца неспрыяльна.
— А якая структура замежных паездак беларусаў за апошнія 5 гадоў?
— Найбольш — у Расею. На другім месцы — Украіна. Далей — Польшча, Літва. Нягледзячы на тое, што раней беларусы шмат атрымлівалі візаў краінаў ЭЗ, яны ўсё роўна часьцей езьдзілі ў Расею і ва Ўкраіну — у краіны, куды можна лёгка ўехаць, дзе ня трэба візаў.
Беларусы вельмі часта езьдзяць за мяжу да сваякоў, бо гэта ізноў жа таньней — у іх можна спыніцца.
У Расею шмат беларусаў езьдзілі па працы, некаторыя маюць бізнэс-сувязі.
— У ранейшых апытаньнях вы пыталіся пра палітычны выбар паміж саюзам з РФ і ўступленьнем у ЭЗ. У жнівеньскім апытаньні вы цікавіліся пра той жа выбар, але асабісты: дзе б вы хацелі жыць і працаваць — на Захадзе ці ў Расеі? І тут расклад адваротны кірункам замежных паездак і наяўнасьці сваякоў: жыцьцю і працы на Захадзе аддалі перавагу 38%, у Расеі — 33%. Чым абумоўлены гэты выбар?
— Гэтым пытаньнем мы хацелі высьветліць палітычныя рэчы празь непалітычныя. З адказаў на яго вынікае, што беларускае грамадзтва не настолькі і прарасейскае. Ёсьць разуменьне, што разьвіцьцё зьвязанае з Захадам, а Расея — гэта хутчэй інэрцыя.
Калі мы пытаемся пра матывацыі, то яны розныя за Захад і за Расею. Выбар на карысьць Захаду матывуецца ўяўленьнем пра тое, што там больш заможнае жыцьцё і разьвітая дэмакратыя. А Расею людзі выбіраюць, кажучы пры гэтым, што расейцы блізкія мэнтальна, там ня трэба адаптавацца, з расейцамі агульная мова. Людзі, якія абіраюць Захад, больш рацыянальныя; тыя, хто абірае Расею, гавораць пра каштоўнасьці, зьвязаныя з пачуцьцямі.
— У вас таксама было пытаньне — ці адчуваюць апытаныя сябе прыналежнымі да эўрапейскай культуры і як наагул ставяцца да яе. І якія адказы вы атрымалі?
— Больш за 50% апытаных ставяцца станоўча да заходняга ладу жыцьця, пры гэтым 24% ня вызначылі сваё стаўленьне. Калі людзі бывалі на Захадзе і калі маюць там сваякоў, то яны больш прыхільныя да заходняга ладу жыцьця.
Але сярод беларусаў толькі нямногія адчуваюць сябе прыналежнымі да заходняй культуры. Пры гэтым ізноў жа: сярод тых, хто бываў на Захадзе, значна большая доля тых, хто адчувае сябе людзьмі заходняй культуры.
Калі б не вайна, дык можна было б прапанаваць просты рэцэпт спрыяньня пашырэньню праэўрапейскіх настрояў сярод беларусаў — даць усім шэнгенскія візы.
Мы таксама задавалі пытаньне, якая культура больш уплывовая ў Беларусі — заходняя ці расейская. І большасьць адказвала, што расейская. Хоць і заходняя культура, на думку рэспандэнтаў, таксама мае вялікі ўплыў.
— А як беларусы ацэньваюць заходні ўплыў на Беларусь — станоўча ці адмоўна?
— Усе апытаньні, якія праводзяцца ў Беларусі, паказваюць, што ў краіне няшмат «палярных» у геапалітычным сэнсе людзей, такіх, якія цалкам адмаўляюць Захад ці Расею. Беларус можа быць празаходнім, але мець сымпатыі да Расеі. І наадварот: чалавек прарасейскіх поглядаў можа быць за разьвіцьцё эканамічных адносінаў з Захадам.
Толькі 23% згодныя з тэзай, што заходні ўплыў кепскі для Беларусі. Мы пыталіся, ці лічаць рэспандэнты, што на БТ зашмат заходніх кінастужак. Дык станоўча адказаў толькі кожны дзясяты.
Заходняя культура — неад’емная, інтэгральная частка жыцьця беларусаў.
— Вы ў апытаньні прасілі рэспандэнтаў ацаніць посьпехі Беларусі, Нямеччыны, ЗША, Польшчы і Расеі ў шэрагу галінаў — ад якасьці харчовых прадуктаў да ўзроўню дэмакратыі. І якія атрымаліся ацэнкі?
— Беларусы з гэтых 5 краінаў найгорш ацэньваюць Беларусь. Найгорш ацэньваюцца свабода слова, дасягненьні ў асваеньні космасу і індустрыя забаваў. У ацэнках рэспандэнтаў першая ліга — гэта Нямеччына і ЗША, другая — Польшча і Расея. Але гэта агульныя ацэнкі.
Але мы паглядзелі, як выглядае гэтая герархія ацэнак у аўдыторыі дзяржаўных СМІ — беларускіх і расейскіх, і беларускіх недзяржаўных. І паміж імі — выразны кантраст. Гэта два розныя сьветы.
Для спажыўцоў дзяржаўных СМІ Расея — больш пасьпяховая, чым ЗША і Нямеччына, ці прыкладна на такім жа ўзроўні. Мы таксама ўбачылі эфэктыўнасьць антыпольскай прапаганды для яе аўдыторыі. Гледачы БТ упэўненыя, што ў Польшчы жыцьцё горшае, чым у Беларусі.
Тыя, хто карыстаецца незалежнымі мэдыя, вельмі кепска ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі па ўсіх парамэтрах. У іх у лідэрах — ЗША і Нямеччына, Польшча — краіна сярэдняга ўзроўню разьвіцьця, Расея — прыкладна такая ж слабаразьвітая, як і Беларусь.