Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі беларусаў падтрымліваюць вайну. Вынікі новага апытаньня Chatham House


Як за 6 месяцаў зьмянілася стаўленьне беларусаў да вайны Расеі ва Ўкраіне? Чаму яны ў большасьці ня лічаць сябе адказнымі за датычнасьць Беларусі да гэтай вайны? Чаму пераважная большасьць беларусаў ставіцца станоўча і да Расеі, і да Ўкраіны?

Пра вынікі жнівеньскага апытаньня Chatham House на канале Свабода Premium расказвае доктар палітычных навук, кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» гэтага брытанскага дасьледчага цэнтру Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня
  • Беларуская грамадзкая думка ў пытаньні вайны топчацца на месцы. За паўгода мы ня бачым істотных зьменаў. Аднак адбываецца павольна тое, што мы называем «плаўленьнем», зьмяншэньнем падтрымкі пазыцыі Расеі.
  • Ёсьць прыкладна 30% беларусаў-гараджанаў, якія ў розных формах падтрымліваюць Расею ў вайне. Іншыя дасьледаваньні паказваюць нешта падобнае.
  • Як і на пачатку вайны, гэтак і цяпер пераважная большасьць беларусаў ня хоча, каб беларуская армія ўдзельнічала ў вайне. Ёсьць пасіянарыі на абодвух баках, якія лічаць, што Беларусь павінна ўдзельнічаць у вайне на баку альбо Расеі, альбо Ўкраіны. Разам яны складаюць каля 7%.
  • Большасьць чакае ад вайны кепскіх наступстваў — і для Беларусі, і для сябе асабіста. Гэтым да пэўнай ступені і тлумачыцца адмоўнае стаўленьне да вайны.
  • Тыя, хто выступае за ўдзел Беларусі ў вайне на баку Расеі, па сутнасьці, лічаць сябе расейцамі. Тыя беларусы, якія не адчуваюць сябе расейцамі, ня хочуць гэтай вайны і ня хочуць ваяваць. І тут справа не ў геапалітычных арыентацыях: пераважная большасьць беларусаў лічыць, што гэта чужая вайна — і таму навошта на ёй паміраць?
  • Розныя беларусы называюць розныя прычыны вайны. Адны кажуць — Пуцін, імпэрская прырода Расеі, іншыя — невыкананьне Менскіх пагадненьняў, генацыд Данбасу, тое, што Захад нацкаваў Украіну на Расею. Але ў ніводным з гэтых тлумачэньняў няма Беларусі.
  • І большасьць зыходзіць з таго, што яны не абіралі нікога — ні Пуціна, ні Зяленскага, ні Лукашэнку. Таму яны і ня лічаць, што яны за нешта адказныя.
  • 22% апытаных мяркуюць, што звычайныя беларусы ўсё ж адказныя за атакі на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі. Але нават ня ўсе апанэнты рэжыму так лічаць. Некаторыя апанэнты рэжыму бачаць сытуацыю так, што яны жывуць у канцлягеры. Ці адказны вязень канцлягера за дзеяньні яго адміністрацыі?
  • Чаму расьце колькасьць упэўненых у тым, што беларускае войска не пашлюць на вайну7 Напачатку была паніка, шок. Цяпер ёсьць нейкая пэўнасьць, стабілізацыя фронту.
  • Дарэчы, і беларускі рэжым імкнецца не падкрэсьліваць сваю ангажаванасьць у вайну. Яны гавораць пра «нацыстаў», але на закрытых нарадах яны падкрэсьліваюць — але ж мы паўгода не ўступаем у вайну. Уладны бок і ўладная прапаганда падкрэсьлівае, што Беларусь не жадае ўдзельнічаць у вайне сваёй арміяй.
  • Літаральна празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны Chatham House абнародаваў дадзеныя свайго апытаньня — што толькі 3% беларусаў-гараджанаў выступаюць за ўдзел Беларусі ў вайне на баку Расеі. І тады гэтыя нашыя дадзеныя рэпосьцілі беларускія афіцыйныя прапагандысты.
  • Важны фактар — усьведамленьне, што гэта доўгая вайна. У сакавіку на пытаньне, што будзе рабіць беларуская армія, калі яе пашлюць на вайну, 23% казалі, што будзе ваяваць. У жніўні так адказвалі 18%.
  • Пашыраецца адчуваньне, што ў гэтай вайне ня варта ўдзельнічаць, бо яна несправядлівая.
  • Паводле апытаньня, 71% рэспандэнтаў ставяцца станоўча да Расеі, 65% — да Ўкраіны. Зараз у Ціктоку вірусіцца жарт: беларусу задаюць пытаньне — Захад ці Ўсход? Ён адказвае — ня ведаю. Яму адказваюць — правільна. З Расеяй і Ўкраінай у нас ёсьць супольная гісторыя, культурны багаж, сваяцкія сувязі.
  • У нашым апытаньні больш цікавае стаўленьне апытаных да заходніх краінаў — да Літвы, Польшчы, ЗША. Заходнія санкцыі адносна Беларусі сапраўды беспрэцэдэнтныя. Дзень і ноч афіцыйная прапаганда бэсьціць Захад. Але ўсё гэта не працуе, не пагаршае стаўленьне да краінаў ЭЗ і да ЗША.
  • Ёсьць выразная залежнасьць паміж тым, што чытаюць, глядзяць, слухаюць людзі і іх стаўленьнем да вайны. Тыя, хто пераважна глядзіць расейскае і беларускае тэлебачаньне, у найбольшай ступені схільныя падтрымліваць ваенныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне. А тыя, хто аддае перавагу беларускім недзяржаўным СМІ, у найменшай ступені схільныя падтрымліваць гэтыя дзеяньні РФ.
  • Частка людзей, якія ў прынцыпе з сымпатыяй ставяцца да Расеі, стамілася ад расейскага тэлебачаньня, бо там адно вайна. Гэтак і некаторыя людзі, якія ў 2020 годзе галасавалі за Ціханоўскую, зараз лічаць, што незалежныя беларускія СМІ — праўкраінскія, а іх каштоўнасьці не зусім такія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG