Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры 44 краін у Празе абмяркоўваюць «новы парадак без Расеі»


Жузэп Бурэль
Жузэп Бурэль

Лідэры 44 краін Эўропы і суседніх рэгіёнаў сабраліся на саміт у сталіцы Чэхіі Празе — на фоне вайны ва Ўкраіне і рэзкага пагаршэньня адносін паміж краінамі ЭЗ і Расеяй.

Гаворка ідзе пра першую сустрэчу новай нефармальнай арганізацыі — Эўрапейскай палітычнай супольнасьці. У ёй бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх 27 краін ЭЗ, дзяржаў-кандыдатаў на ўступленьне ў Зьвяз, а таксама тых краін, якія маюць з Эўразьвязам эканамічныя пагадненьні і падзяляюць агульнаэўрапейскія каштоўнасьці.

Запрашэньні атрымалі лідэры Ўкраіны, Грузіі, Армэніі, Азэрбайджану, Малдовы, а таксама Вялікай Брытаніі, Турэччыны, Сэрбіі і шэрагу іншых краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз. Беларусі і Расеі сярод запрошаных няма.

Ідэя стварыць новы фармат адносін належыць прэзыдэнту Францыі Эманюэлю Макрону, ён выступіў зь ёй у траўні. Пазьней яна была ўхваленая самітам ЭЗ. У Эўразьвязе падкрэсьліваюць, што размова ідзе не пра альтэрнатыву ўступленьню ў ЭЗ для краін-кандыдатаў, а пра новы фармат супрацоўніцтва.

«Улічваючы драматычныя наступствы расейскай вайны, якія закранулі эўрапейскія краіны на многіх франтах, мы пагадзіліся стварыць Эўрапейскую палітычную супольнасьць з мэтай аб’яднаньня краін эўрапейскага кантынэнту і забесьпячэньня плятформы для палітычнай каардынацыі», — адзначыў у сваім запрашэньні лідэрам краін старшыня Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль. Паводле яго слоў, на саміце могуць абмяркоўвацца бясьпека, эканоміка, энэргетыка, міграцыя.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль перад пачаткам сустрэчы ў Празе заявіў, што яе ўдзельнікі будуць абмяркоўваць стварэньне «новага парадку без Расеі», а сам факт сустрэчы — выразны сыгнал аб ізаляцыі Масквы ў сувязі зь яе агрэсіяй супраць Украіны.

Ён адзначыў, што ў нядаўнім выступе Ўладзіміра Пуціна аб анэксіі ўкраінскіх тэрыторый гаворка ішла ня проста пра тэрытарыяльныя спрэчкі з Украінай або імкненьне яе заваяваць, але пра барацьбу з «калектыўным Захадам», які Пуцін абвінаваціў ва ўсіх грахах: ад бамбаваньняў Дрэздэна да апэрацый па зьмене полу і нават да сатанізму.

На думку Бурэля, прамова Пуціна сьведчыць, што ён зачыніў дзьверы для дыялёгу і дыпляматыі і ўсё больш уцягвае сваю краіну на шлях вайны і ізаляцыі. Бурэль адзначыў, што Пуцін адмаўляе спадчыну нябожчыка Міхаіла Гарбачова, які прапаноўваў ідэю «агульнаэўрапейскага дому».

«У агляднай будучыні, імаверна, пакуль Пуцін застаецца ва ўладзе, немагчыма распрацаваць новую структуру бясьпекі або „мірную архітэктуру“ ў Эўропе, часткай якой была б пуцінская Расея», — адзначае Бурэль.

Паводле яго слоў, Расея застаецца геаграфічным суседам Эўропы і ўдзельнікам міжнароднай сыстэмы адносін, аднак цяпер неабходна пабудаваць Эўрапейскую палітычную супольнасьць безь яе ўдзелу. Як адзначае Бурэль, гаворка ідзе пра структуру, рамкі якой шырэйшыя за ЭЗ і NATO.

7 кастрычніка ў Празе пройдзе нефармальны саміт ЭЗ, на якім, як чакаецца, будзе ўхвалены восьмы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG