Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадары ЭЗ узгаднілі новы пакет санкцый супраць Расеі: ён уключае ўвядзеньне «столі» цэн на нафту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведамляюць Politico і ВВС са спасылкай на эўрапейскіх дыпляматаў.

Паводле іх, «чакаецца, што выніковая вэрсія дакумэнта будзе ўхвалеена на ўзроўні пастаянных прадстаўнікоў у сераду». Плян павінны канчаткова ўхваліць урады краін блёку.

Politico адзначае, што «ў рамках цяперашняга пакета будзе ўзгоднена прававая аснова для ўвядзеньня столі цэнаў». Такую столь нядаўна прапаноўвалі ўвесьці краіны «Вялікай сямёркі». Адзначаецца, што рашэньне аб фактычнай цане або цэнавым дыяпазоне будучага абмежаваньня пакуль не прынята.

Акрамя гэтага, паводле інфармацыі выданьня, «пакет мераў таксама накіраваны на тое, каб нанесьці ўдар па расейскай сталеліцейнай прамысловасьці». Ён таксама ўключае індывідуальныя санкцыі. Акрамя таго, як чакаецца, пасьля зацьвярджэньня новага пакета санкцый грамадзянам краін ЭЗ будзе забаронена ўваходзіць у склад кіроўных органаў расейскіх дзяржкампаній.

Раней міністры фінансаў краін G7 прынялі дэклярацыю, у якой гаворыцца аб намеры абмежаваць гранічныя закупачныя цэны на расейскую нафту.

Канкрэтныя гранічныя цэны за барэль будуць абвешчаныя пазьней.

Само рашэньне пачне дзейнічаць з 5 сьнежня.

Аўтары дэклярацыі заклікалі і іншыя краіны ўвесьці столь цэнаў на расейскія энэрганосьбіты, а нафтаздабыўныя краіны — павялічыць здабычу нафты, каб замясьціць на рынку расейскую.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў яшчэ да публікацыі рэзалюцыі заявіў, што ў выпадку яе прыняцьця Расея перастане прадаваць нафту краінам, якія далучацца да рашэньня.

У Эўразьвязе таксама абмяркоўвалася ініцыятыва ўвесьці столь цэнаў на расейскі газ. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у адказ на гэта прыгразіў спыніць пастаўкі энэргарэсурсаў у ЭЗ.

«А што, будуць прымацца нейкія рашэньні палітычнага характару, якія супярэчаць кантрактам? Ну мы іх проста выконваць ня будзем. І ўвогуле ня будзем нічога пастаўляць, калі гэта супярэчыць нашым інтарэсам, у дадзеным выпадку эканамічным. Ні газ ня будзем пастаўляць, ні нафту, ні вугаль, ні топачны мазут — нічога ня будзем пастаўляць», — заявіў Пуцін.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG