Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін падвышае стаўкі і зацягвае Лукашэнку ў вір вайны


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Рашэньне Расеі аб далучэньні чатырох украінскіх абласьцей азначае, што шлях да кампрамісу адрэзаны. Цяпер перамовы немагчымыя. Імавернасьць таго, што вайна будзе весьціся да перамогі аднаго з бакоў, рэзка падвышаецца.

Сьцісла:

  • Працэсам прыняцьця «ЛНР», «ДНР», Запароскай і Херсонскай абласьцей у склад РФ Крэмль імкнецца паўтарыць гісторыю з «крымскім кансэнсусам».
  • Таксама Масква хоча прадэманстраваць Украіне і Захаду, што Расея гатовая весьці вайну да пераможнага канца, нягледзячы ні на якія ахвяры.
  • Украіна прымае выклік. Кіеў падаў заяўку на ўступленьне ў NATO.
  • Беларусь усё больш зацягваецца ў гэты вір, яна вымушана актыўней упісвацца ў падтрымку Расеі.
  • Частыя нарады Лукашэнкі зь сілавікамі выконваюць ролю пэўнай псыхатэрапіі, каб надаць сабе ўпэўненасьці ў іх ляяльнасьці.

4 кастрычніка Савет Фэдэрацыі ўсьлед за Дзяржаўнай Думай РФ ратыфікаваў дамовы аб прыняцьці «ЛНР», «ДНР», Запароскай і Херсонскай абласьцей у склад РФ. Пасьля падпісаньня іх Уладзімірам Пуціным Расея будзе лічыць гэтыя тэрыторыі сваімі. Трагікамэдыя палягае ў тым, што межы Херсонскай і Запароскай абласьцей у дакумэнтах ня вызначаныя. За што ж тады прагаласавалі сэнатары?

Такое фарсаваньне працэсу далучэньня да Расеі чатырох украінскіх абласьцей павінна вырашыць для Крамля некалькі задач.

Найперш, расейскія ўлады імкнуцца нэўтралізаваць нэгатыў у грамадзтве з прычыны абвешчанай мабілізацыі. Гэта значыць, Пуцін паказвае расейцам, што вайна не бессэнсоўная, што ўжо ёсьць вынік, Расея набыла новыя тэрыторыі, ахвяры ня марныя. Такім чынам, вайна няхай не малая, а вялікая, але — пераможная.

Дарэчы, насуперак прагнозам экспэртаў, мабілізацыя ня выклікала масавага непрыманьня вайны ў расейскім грамадзтве. Паводле сацыялягічных апытаньняў Левада-цэнтру, падтрымка «спэцапэрацыі» скарацілася ўсяго на 6 працэнтных пунктаў. І пакуль народ не апамятаўся, трэба даць яму пернік у выглядзе захопленых тэрыторый.

Па-другое, Крэмль імкнецца паўтарыць гісторыю з «крымскім кансэнсусам». Нагадаю, што ў 2014 годзе расейскае грамадзтва з энтузіязмам успрыняло далучэньне Крыму. Тады падтрымка Крамля склала 86%.

Цяпер Пуцін хоча ўсё гэта паўтарыць. Разьлік на тое, што расейскае насельніцтва з такім жа энтузіязмам успрыме далучэньне да Расеі новых украінскіх тэрыторый і даруе Пуціну і гібель расейскіх вайскоўцаў на фронце, і падзеньне ўзроўню жыцьця ў РФ у сувязі з заходнімі санкцыямі, і міжнародную ізаляцыю.

Па-трэцяе, цяпер, калі чатыры ўкраінскія вобласьці абвешчаныя часткай Расеі, любыя спробы Узброеных сіл Украіны зайсьці на гэтую тэрыторыю будуць абвешчаны замахам на расейскія землі. І тады агрэсарам можна назваць Украіну, а Расею — ахвярай агрэсіі. Зьявіцца падстава абвясьціць Украіне вайну, правесьці не частковую, а поўную мабілізацыю, падняць у РФ хвалю патрыятызму: маўляў, паглядзіце, на нас напалі, трэба абараняць Радзіму. І прымяненьне ядзернай зброі могуць апраўдаць, калі Ўкраіна пачне адваёўваць тую тэрыторыю, якую РФ будзе лічыць сваёй.

Па-чацьвёртае, Крэмль пайшоў ва-банк, рэзка падвысіў стаўкі ў вялікай геапалітычнай гульні. Масква імкнецца паставіць сьвет перад фактам, прадэманстраваць Украіне і Захаду, што Расея гатовая весьці вайну да пераможнага канца, нягледзячы ні на якія ахвяры.

Але на замежную аўдыторыю рашэньне аб далучэньні чатырох украінскіх абласьцей, і асабліва тое, як гэта было зроблена (нават ня сталі імітаваць народнае волевыяўленьне), зрабіла неспрыяльнае ўражаньне. Бо першапачатковае тлумачэньне неабходнасьці вайны, прапанаванае Крамлём, было крыху іншае. Пуцін гаварыў пра «дэнацыфікацыю» Ўкраіны, пра барацьбу з падступным Захадам, неабходнасьць фармаваньня шматпалярнага сьвету і іншыя высокія матывы. А зараз усё зьвялося да банальнага захопу тэрыторый суседняй дзяржавы. Як у сярэднявечных войнах.

Гэтае рашэньне толькі пашырыць міжнародную ізаляцыю Расеі, узмоцніць насьцярожанасьць усіх суседзяў, стане моцнай перашкодай для інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Бо паводле такой схемы, з дапамогай падобных «рэфэрэндумаў» можна далучыць любую тэрыторыю іншай краіны.

Курс Крамля на падвышэньне ставак у гэтай вайне выклікаў адпаведную рэакцыю ва Ўкраіне. Паколькі ўкраінскае грамадзтва не прызнае рашэньня Расеі аб анэксіі тэрыторыі Ўкраіны, то Ўкраіна прымае выклік. Кіеў падаў заяўку на ўступленьне ў NATO. Прэзыдэнт Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб немагчымасьці «правядзеньня перамоў з прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімірам Пуціным».

То бок шлях да кампрамісу адрэзаны з абодвух бакоў. Цяпер перамовы немагчымыя. Імавернасьць таго, што вайна будзе ісьці да перамогі аднаго з бакоў, рэзка падвышаецца.

І ў гэты вір зацягвае Беларусь, якая вымушана ўсё больш упісвацца ў падтрымку Расеі. Можна меркаваць, што падчас нядаўняй сустрэчы ў Сочы Пуцін запатрабаваў ад Лукашэнкі больш актыўнага і пасьлядоўнага выкананьня Беларусьсю свайго саюзьніцкага абавязку, рашучай падтрымкі РФ у яе канфлікце з Украінай і Захадам. Невыпадкова, што адразу пасьля гэтага Лукашэнка вымушаны быў паехаць у Абхазію. Зьяўляецца ўсё больш інфармацыі пра магчымае зьяўленьне на тэрыторыі Беларусі новых расейскіх вайсковых фармаваньняў.

4 кастрычніка Лукашэнка правёў у Міністэрстве абароны нараду зь сілавікамі. Уласна, нічога асабліва новага ён не сказаў. Чарговы раз заклікаў генэралаў да пільнасьці. Прызнаў датычнасьць Беларусі да вайны ва Ўкраіне: «Што тычыцца нашага ўдзелу ў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ва Украіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем». Калі раней Лукашэнка адначасова згадваў, што мы за мір, то цяпер і гэтага не было. Шмат увагі было аддадзена пытаньню барацьбы зь «беглымі». Мяркуючы па ўсім, гэта яго хвалюе нават больш, чым вайна з NATO.

Але, падаецца, гэтыя частыя нарады зь сілавікамі з паўтарэньнем адных і тых жа заклікаў і заклінаньняў выконваюць ролю нейкай псыхатэрапіі. Відаць, у Лукашэнкі няма перакананьня ў адданасьці і ляяльнасьці кіраўніцтва сілавых структур у крытычны момант. Таму гэтыя пэрманэнтныя нарады павінны павялічыць ягоную ўпэўненасьць. Вось сядзяць гэтыя генэралы, старанна запісваюць усё, што ім кажа Лукашэнка. І ствараецца ўражаньне, што яны ня здрадзяць. Здаецца, ніякага іншага сэнсу ў гэтых нарадах і няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG