Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўчанка заявіў, што праблема расейскага падаткавага манэўру разьвязаная. Што Менск аддаў узамен


Флэшмоб у Менску супраць падатку на дармаедаў, 2017 год
Флэшмоб у Менску супраць падатку на дармаедаў, 2017 год

Прэм'ер Беларусі Раман Галоўчанка пасьля перамоваў з расейскім прэмʼерам Міхаілам Мішусьціным заявіў, што дамова аб агульных прынцыпах падаткаабкладаньня па ўскосных падатках, падпісаная 3 кастрычніка ў Маскве, здымае для Беларусі праблему падатковага манэўру.

Гэтае пытаньне абмяркоўвалася шмат гадоў, бо было зьвязана з коштам нафты для беларускага боку.

«Расейскія калегі пайшлі насустрач, і цяпер гэтая праблема, якая стварала пэўны нэгатыў, вырашана», — заявіў чыноўнік.

Паводле Галоўчанкі, выраўноўваюцца ўмовы для беларускіх і расейскіх субʼектаў гаспадараньня, яны будуць працаваць «у адзіным прававым падатковым полі».

Што падпісалі

Яшчэ 9 верасьня Аляксандр Лукашэнка ўказам № 315 ухваліў праект дамовы з Расеяй адносна агульных прынцыпаў падаткаабкладаньня паводле ўскосных падаткаў. Ён таксама ўпаўнаважыў Міністэрства фінансаў падпісаць дамову «ў межах ухваленага праекту».

Беларусь і Расея павінны ўзгадніць сваё падатковае заканадаўства, якое датычыць ПДВ і акцызаў, з палажэньнямі дамовы. Вызначаюцца стаўкі акцызаў на мінімальны пералік тавараў і паслуг. Устанаўліваецца адзіны для дзьвюх краінаў пералік апэрацыяў, што вызваляюцца ад выплаты ПДВ або абкладаюцца ПДВ паводле паніжанай падатковай стаўкі.

Дакумэнт таксама прадугледжвае стварэньне інтэграванай сыстэмы адміністраваньня ўскосных падаткаў. У яе будуць заносіцца зьвесткі пра апэрацыі падаткаплатнікаў ПДВ дзьвюх краінаў, што на ўліку ў падатковых органах на 1 студзеня 2023 года.

Таксама плянуюць стварыць Наднацыянальны падатковы камітэт, які будзе адсочваць выкананьне краінамі ўстаноўленых дамоўленасьцяў.

«Продаж падатковага сувэрэнітэту»

Старэйшы навуковы працаўнік дасьледчага цэнтру BEROC Дзьмітры Крук адзначыў у камэнтары «Белсату», што ўспрымае гэтую дамову як «продаж па кавалках падатковага сувэрэнітэту».

«Фактычна ў дачыненьні гэтых падаткаў — ПДВ і акцызаў — значная частка падатковай свабоды, магчымасьці зьмяняць і стаўкі, і працэдуры падаткаабкладаньня так, як краіна палічыць патрэбным, а гэта адна з неадʼемных характарыстык сувэрэнітэту ў падатковай сфэры, губляецца», — заявіў эканаміст.

Самае ж небясьпечнае, на думку эканаміста, — пункт пра стварэньне інтэграванай сыстэмы адміністраваньня ўскосных падаткаў:

«Спрошчана я б сказаў пра гэта так. Гэта калі вам у кватэру ставяць відэаназіраньне і сочаць за кожным вашым крокам. Гэта фактычна магчымасьць для расейскага боку атрымліваць падатковую інфармацыю. І нават больш як падатковую — бачыць як на далоні ўсё, што адбываецца ў беларускай эканоміцы».

Кампэнсацыя падатковага манэўру

Паводле праекту дамовы, Расея пры выкананьні Менскам усіх прапісаных у дакумэнце абавязкаў будзе пералічваць уладам Беларусі міждзяржаўныя бюджэтныя трансфэрты (так называюцца сродкі, якія прадстаўляюцца бюджэтам адной краіны бюджэту другой). Формула, паводле якой яны будуць разьлічвацца, таксама прапісаная ў дамове і прывязаная да кошту нафты маркі «Urals» на сусьветных рынках.

Яшчэ ўзімку першы намесьнік міністра фінансаў Беларусі Дзьмітры Кійко заяўляў, што згаданыя бюджэтныя трансфэрты — гэта «магчымасьць часткова скампэнсаваць страты беларускіх НПЗ ад падатковага манэўру ў нафтавай галіне» ў Расеі.

  • Падатковы манэўр у Расеі пазбаўляе Беларусь прэфэрэнцыяў пры закупах расейскай нафты і адпаведна прыбыткаў ад яе перапрацоўкі. Улады Беларусі не адзін год патрабавалі ад Расеі кампэнсацыі за яго, бо страты за 2019–2024 гады складуць $10 мільярдаў. Але Масква ў адказ яшчэ ў канцы 2018-га запатрабавала паглыбленьня інтэграцыі. І вось цяпер кампэнсацыя будзе атрыманая, але, як адзначае эканаміст, у абмен на страту падатковага сувэрэнітэту.

Сума, за якую Беларусь пазбаўляецца свайго падатковага сувэрэнітэту, «досыць сьціплая», адзначыў эканаміст.

«Пры актуальных на сёньня цэнах на нафту „Urals“ штомесяц Беларусь будзе атрымліваць ад Расеі каля $40 мільёнаў, або каля $500 мільёнаў за год, або каля $1 мільярда за 2023–2024 гады, пра якія вядзецца ў дакумэнце. А вось падатковага сувэрэнітэту ўжо фактычна мець ня будзе», — кажа ён.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG