Пра гэта паведамляе праваабарончая арганізацыя Iran Human Rights.
Пратэсты ў Іране пачаліся ў сярэдзіне верасьня пасьля гібелі 22-гадовай абаронцы правоў жанчын Махсы Аміні з курдзкай меншасьці.
Яе затрымала і пабіла паліцыя нораваў за распушчаны хіджаб. Праз тыдзень пратэсты ахапілі больш за трыццаць іранскіх гарадоў, уключаючы сталіцу краіны Тэгеран.
У Захедане пратэстоўцы таксама запатрабавалі пакараньня для начальніка паліцыі, які, як паведамляецца, згвалціў 15-гадовую дзяўчыну. У пятніцу, 30 верасьня, жыхары гораду сабраліся ля паліцэйскага ўчастка, каб выказаць свой пратэст.
Некаторыя зь іх кідалі камяні ў бок будынка, таксама на відэа ёсьць кадры, як гарыць аўтамабіль паліцыі. Па прысутных адкрылі агонь з участка і зь верталёта, які кружыў над імі. Пазьней іранскія ўлады назвалі тое, што адбылося, «тэрарыстычнай атакай» на паліцэйскі ўчастак.
У выніку расстрэлу загінулі, паводле розных зьвестак, ад 19 да 58 чалавек, сотні параненыя. Тысячы іранцаў працягваюць пратэставаць супраць паліцэйскага гвалту і шырэй — супраць жорсткай барацьбы іранскіх уладаў з іншадумствам. Ад пачатку дэманстрацый жанчыны зрывалі зь сябе хіджабы і дэманстратыўна круцілі імі ў паветры, некаторыя іх публічна спальвалі, а таксама адразалі сабе валасы ў знак пратэсту.
Празь некалькі дзён дэманстранты пачалі выкрыкваць антыўрадавыя лёзунгі «Сьмерць дыктатару!» і «Хамэнэі будзе зрынуты!», накіраваныя на лідэра краіны — аяталу Алі Хамэнэі. Таксама ў сацыяльных сетках распаўсюджваюцца відэа, як гараць паліцэйскія ўчасткі і аўтамабілі.
Супрацоўнікі сіл бясьпекі Ірана страляюць па пратэстоўцах шротам і іншымі мэталічнымі шарыкамі, выкарыстоўваюць сьлезацечны газ і вадамёты, б’юць іх дубінкамі. Іранскія ўлады абмежавалі доступ да інтэрнэту. Яны абяцаюць правесьці расьсьледаваньне гібелі Аміні, але адмаўляюцца выконваць іншыя патрабаваньні пратэстоўцаў.
У пратэстах улады абвінавацілі замежнае ўмяшаньне, не ўдакладніўшы назвы краін, якія ўмешваюцца, і апазыцыю з-за мяжы: нібыта тыя скарысталі сьмерць Аміні для распальваньня грамадзкіх беспарадкаў. Падобную рыторыку ўжываюць лідэры многіх аўтарытарных краін, грамадзяне якіх выходзяць на пратэсты, патрабуючы захаваньня і пашырэньня сваіх правоў.
У суботу, 1 кастрычніка, у многіх гарадах сьвету прайшлі шэсьці ў знак салідарнасьці з іранцамі, якія пратэстуюць супраць прыгнёту жанчын.
Згодна з правіламі, прынятымі пасьля іранскай рэвалюцыі 1979 году, жанчыны абавязаныя сьціпла апранацца на публіцы, насіць хіджаб і доўгі свабодны халат. За выкананьнем правілаў сочыць паліцыя нораваў, у якую ўваходзяць як мужчыны, так і жанчыны.
- Папярэдні прэзыдэнт Ірана Гасан Ругані абвінаваціў паліцыю нораваў у «празьмернай агрэсіўнасьці». У 2017 годзе кіраўнік паліцыі заявіў, што жанчын больш ня будуць арыштоўваць за парушэньне дрэс-коду.
- Ад жніўня 2021 году, з пачатку прэзыдэнцтва Эбрагіма Раісі, сытуацыя зноў стала больш жорсткай. Офіс правоў чалавека ААН паведамляе, што паліцыя нораваў абражае маладых жанчын, дае ім аплявухі, бʼе дубінкамі і запіхвае ў паліцэйскія аўтамабілі.