Як мінімум 41 чалавек загінуў у выніку тыднёвых беспарадкаў, паведаміла ў суботу дзяржаўная тэлевізія. Лічба заснавана на ўласных падліках, а афіцыйныя зьвесткі яшчэ не апублікаваныя. Пратэсты ўспыхнулі ў большасьці з 31 правінцый краіны піша Reuters.
Ібрагім Раісі сказаў, што Іран павінен «рашуча змагацца з тымі, хто выступае супраць бясьпекі і спакою ў краіне». Ён паразмаўляў па тэлефоне зь сям’ёй члена добраахвотніцкага атраду Басідж, забітага падчас падаўленьня беспарадкаў у паўночна-ўсходнім горадзе Мешхед.
Прэзыдэнт «падкрэсьліў неабходнасьць адрозьніваць акцыю пратэсту ад парушэньня грамадзкага парадку і бясьпекі і назваў падзеі масавымі беспарадкамі», паведамляюць дзяржаўныя СМІ.
Пратэсты ўспыхнулі на паўночным захадзе Ірану тыдзень таму на пахаваньні Махсы Аміні, 22-гадовай курдкі, якая памерла пасьля таго, як упала ў кому. Гэта адбылося пасьля таго, як яе затрымалі ў Тэгеране паліцыянты за невыкананьне правілаў нашэньня хіджаба.
Яе сьмерць зноў распаліла гнеў з-за такіх праблем, як абмежаваньне асабістых свабод у Іране, строгі дрэс-код для жанчын і эканоміка, якая пакутуе ад санкцый. Жанчыны адыгрываюць важную ролю ў пратэстах, размахваючы і спальваючы чорны вэлюм, які паводле мясцовых законаў павінен пакрываць галаву. Некаторыя жанчыны публічна пастрыглі валасы, а разьюшаны натоўп заклікаў да адхіленьня Вярхоўнага лідэра аяталы Алі Хамэнеі.
Пратэсты зьяўляюцца найбуйнейшымі ў краіне пасьля дэманстрацый з-за коштаў на паліва ў 2019 годзе, калі агенцтва Reuters паведаміла пра 1500 забітых у выніку разгону пратэстоўцаў — самага крывавага супрацьстаяньня ў гісторыі Ісламскай Рэспублікі.
У пятніцу ў некалькіх іранскіх гарадах адбыліся арганізаваныя дзяржавай акцыі супрацьстаяньня антыўрадавым пратэстам, і армія паабяцала супрацьстаяць «ворагам», якія стаяць за беспарадкамі.
У суседнім Іраку дзясяткі іракскіх і іранскіх курдаў правялі мітынг ля будынку Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у паўночным горадзе Эрбіль, несучы плякаты з фатаграфіяй Аміні і скандуючы «сьмерць дыктатару», маючы на ўвазе Хамэнэі.
Дзяржаўная тэлевізія Ірану абвінаваціла ўзброеных курдзкіх дысыдэнтаў ва ўдзеле ў беспарадках, на тэлевізіі заявілі, што Іранская рэвалюцыйная гвардыя абстраляла з артылерыі базы курдзкіх апазыцыйных груповак у курдзкім рэгіёне на поўначы Іраку.
Прынамсі тройчы на гэтым тыдні ў Іране адбываліся збоі ў працы мабільнага інтэрнэту, паведамляе NetBlocks. Актывісты кажуць, што гэты крок накіраваны на тое, каб відэаматэрыялы гвалту не дайшлі да сьвету. У суботу ж NetBlocks заявіла, што праграма для відэазванкоў Skype цяпер абмежаваная, ужо блякаваліся Instagram, WhatsApp і LinkedIn.
У спробе падтрымаць інтэрнэт-сувязь Злучаныя Штаты робяць выключэньні з рэжыму санкцый у дачыненьні Ірану — крок, пра які Тэгеран заявіў 24 верасьня.
Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла, што пратэстоўцы сутыкнуліся з «сьпіралепадобнай рэакцыяй сіл бясьпекі» і заклікала Арганізацыю Аб’яднаных Нацый правесьці незалежнае расьсьледаваньне. У ноч на 21 верасьня ў выніку стральбы сілавікоў загінулі па меншай меры 19 чалавек, у тым ліку трое дзяцей.
Відэа, апублікаванае ў сацыяльных сетках, паказала дэманстрацыю ў горадзе Бабол на поўначы краіны з моладзьдзю, якая спрабавала зьняць партрэты Хамэнэі і аяталы Рухалы Хамэйні, заснавальніка Ісламскай Рэспублікі, ля брамы ўнівэрсытэту, у той час як мінакі падбадзёрвалі іх і крычалі «сьмерць дыктатару».
Дзяржаўная прапаганда заявіла, што ў сталіцы краіны беспарадкі спыніліся, аднак новыя відэасьведчаньні з Тэгерану абвяргаюць заяву ўладаў.