Сацыёляг спаслаўся на дадзеныя дасьледаваньня, якое праводзілася мэтадам тэлефоннага апытаньня ў верасьні 2022 году (да наступу ўкраінскай арміі ў Харкаўскай вобласьці).
«Лічбы, у параўнаньні з сакавіком і траўнем, практычна не зьмяніліся», — зьвярнуў увагу экспэрт. Ён назваў гэта сьведчаньнем «захаваньня мэнтальнага, няхай і маўклівага адмаўленьня ўдзелу ў ваенных дзеяньнях Беларусі».
Разам з тым нэгатыўнае стаўленьне да таго, каб РФ выкарыстоўвала беларускую тэрыторыю і вайсковую інфраструктуру для дасягненьня ваенных мэтаў ва Ўкраіне, выказалі 51,4% рэспандэнтаў — колькасьць людзей з такой пазыцыяй зьнізілася ў параўнаньні з сакавіком. Разам з тым павялічылася колькасьць тых, хто ня змог адказаць на адпаведнае пытаньне (да 17,7%).
«Гэта важны сацыяльны факт, — зазначыў Вардамацкі. — Пазыцыя складаецца з фактару страху і дэзарыентацыі».
Сацыёляг зьвярнуў увагу, што на беларусаў уплывае не вайна, а «белы і пухнаты мэдыйны канструкт, які яны атрымліваюць».
Асобна дасьледнікі высьвятлялі, як беларусы ставяцца да таго, што дзейная ўлада дазволіла разьмясьціць у Беларусі расейскія войскі. Пазытыўна гэта ацаніла 42,5% рэспандэнтаў, нэгатыўна — 38,9%.
«Асноўныя пазыцыі сфармаваліся яшчэ ў сакавіку 2022 году, — сказаў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні. — Лічбы захоўваюцца на тым самым узроўні. Я папярэджваў, што зьмены стаўленьня да Расеі не адбудзецца».
Адсутнасьць дынамікі сацыёляг адзначыў таксама ў стаўленьні беларусаў да дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне: іх ухваляюць 47,3%, не ўхваляюць — 41,3%.
Пры гэтым Украіне спачуваюць 33,9% апытаных, Расеі — 32%, абодвум бакам — 16,2%.
Паводле дасьледаваньня, пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне, паінфармаваныя 57,7% беларусаў. Для параўнаньня: у траўні гэтая лічба складала 74,2%, сакавіку — 79,3%.
Зьніжэньне цікавасьці да падзеяў ва Ўкраіне сацыёляг назваў адным з «найбольш сумных» працэсаў. «Крэмль хацеў бы, каб увага да вайны зьнізілася. Калі гэта адбудзецца, то, адпаведна, зьменшыцца ціск на заходніх палітыкаў», — канстатаваў Вардамацкі.