Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Чарнагорыі затрымалі 36 расейцаў паводле падазрэньня ў шпіянажы


Улады Чарнагорыі затрымалі «дзясяткі» грамадзян Расеі па падазрэньні ў шпіянажы. Пра гэта паведамляе Балканская служба Радыё Свабода са спасылкай на міністра замежных спраў краіны Ранку Крывакапіча.

Паводле зьвестак газэты «Побједа», гаворка ідзе пра 36 расейцаў, у шасьці зь якіх ёсьць дыпляматычная акрэдытацыя, а ў астатніх — дазвол на жыхарства ў Чарнагорыі.

Як паведамляе «Побједа» са спасылкай на неназваныя крыніцы, акрамя 36 расейцаў затрыманыя двое чарнагорцаў. Газэта «Vijesti» са спасылкай на некалькі крыніц паведамляе, што адзін зь іх — былы прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Радамір Сэкулавіч.

Прэм'ер-міністар Дрытан Абазавіч у жывой трансьляцыі з пасяджэньня ўраду заявіў, што ў краіне праводзіцца «міжнародная апэрацыя» з замежнымі партнэрамі і пракуратурай, мэтай якой стане «абарона інтарэсаў» Чарнагорыі. Падрабязнасьцяў ён не прывёў.

Прадстаўнік Спэцыяльнай пракуратуры Вукас Раданіч паведаміў Радыё Свабода, што паліцыя правяла ператрусы ў некалькіх кватэрах у пошуках доказаў змовы і шпіянажу. Паводле яго, судом пакуль ніхто не арыштаваны.

  • У жніўні ўрадавыя інтэрнэт-сэрвісы Чарнагорыі былі выведзены са строю хакерскай атакай, яе наступствы адчуваюцца дагэтуль. Тады ў дапамогу мясцоваму Агенцтву нацыянальнай бясьпекі былі адпраўлены супрацоўнікі ФБР. Прадстаўнікі АНБ пазьней неафіцыйна паведамлялі, што за хакерамі можа стаяць Расея.
  • Чарнагорыя — кандыдат на ўступленьне ў Эўразьвяз, у 2017 годзе краіна ўступіла ў NATO. Падгорыца далучылася да міжнародных санкцый супраць Масквы. У верасьні Крывакапіч заявіў, што ўлады разглядаюць пытаньне ўвядзеньня візавага рэжыму з Расеяй.
  • У 2016 годзе Падгорыца абвінаваціла Расею ў спробе арганізацыі дзяржаўнага перавароту. Па справе былі асуджаныя 13 чалавек, у тым ліку завочна, сярод іх – афіцэры расейскай вайсковай выведкі ГРУ. У лютым 2021 году Апэляцыйны суд адмяніў гэтыя прысуды і накіраваў справу на новы разгляд. У рашэньні, у прыватнасьці, указвалася на шматлікія парушэньні з боку сьледзтва і ставіўся пад сумнеў сам факт падрыхтоўкі змовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG