Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто спаліў «Лясную хатку»? Да 130-х угодкаў Зоські Верас


Зоська Верас
Зоська Верас

Ня кожны абазнаны ў беларускай культуры чалавек здагадваецца, што ў сваім псэўданіме пісьменьніца Людвіка Сівіцкая зашыфравала дзень уласнага нараджэньня — 30 верасьня. Але пры словах «Лясная хатка» амаль кожны згадае менавіта яе, хатку Зоські Верас — месца паломніцтва соцень беларусаў у часы глыбокага савецкага застою.

Самы пачатак 1980-х, Вільня. Мы зь дзядзькам Лявонам выходзім з тралейбуса на ўскрайку гораду, ідзем празь нейкую шэрую прамзону, пераступаем чыгуначныя рэйкі, заходзім у лес і малапрыкметнай сьцяжынай доўга пятляем між кустоўя і дрэваў, пакуль нарэшце не выходзім да глінабітнай хаты, густа абсаджанай усемагчымымі кветкамі. Сама хата на невялікай паляне проста патанае ў лясным гушчары, надзейна схаваная ад усяго сьвету.

Нас сустракае 90-гадовая гаспадыня Зоська Верас. Яна зусім ня чуе, і свае пытаньні мы пішам ёй на паперы, але яна выдатна бачыць і выдатна памятае. Напрыклад, пра сваё сяброўства з Максімам Багдановічам у Менску ў 1916 годзе: там яны разам працавалі ў Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны — пра гэта ў яе пытаюцца найперш.

Дзядзька Лявон — гэта Лявон Луцкевіч, сын Антона Луцкевіча і муж Галіны Войцік, дачкі Зоські Верас. Гэта сюды прыходзілі і будуць прыходзіць беларускія паломнікі з усяго сьвету. Але сам сюды ня дойдзеш і не патлумачыш, як дабрацца. Патрэбны праваднік. Дзядзька Лявон цалкам адданы сваёй місіі асьветніка, які вядзе ў несавецкую беларушчыну такіх, як я, ды, зрэшты, усіх, хто намацвае сваю пакручастую сьцежку.

У Зоські Верас у «лясной хатцы». Вільня, лета 1983 году. Стаяць Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа і Сяргей Мурашка. Сядзяць Тацяна Сапач і Зоська Верас.
У Зоські Верас у «лясной хатцы». Вільня, лета 1983 году. Стаяць Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа і Сяргей Мурашка. Сядзяць Тацяна Сапач і Зоська Верас.

Ня буду пераказваць агульнавядомыя зьвесткі пра згаданых мною людзей, пра тыя неацэнныя паломніцтвы, зь якіх многія вярталіся беларусамі ня толькі паводле пашпарта. Ахвочыя знойдуць усё гэта ў Вікіпэдыях і Ютубе, напрыклад, у дакумэнтальным фільме «Зоська Верас» Ірыны Волах.

12 гадоў таму на месца «Лясной хаткі» аўтарку фільма вадзіў ужо я, праўда, падбіраліся мы з другога боку — ад вёскі Равянцы, цяпер гэта вуліца Riovonių, дзе справа ад дарогі трэба ўзьлезьці на крутую гару і там ужо шукаць. Ёсьць таксама адносна нядаўняя перадача пра ўсё гэта на «Белсаце», аўтарства Міхася Скоблы:

А яшчэ ёсьць мноства публікацыяў на тэму і ёсьць мая перадача «Вострая Брама» (аўдыёвэрсія), дзе мы зь сябрамі шукалі тое славутае месца і, здаецца, упершыню задаліся пытаньнем: хто, чаму і навошта спаліў «Лясную хатку»?

Хатка згарэла 13 траўня 1990 году. Тады Зоську Верас ужо нейкі час як перавезьлі ў горад. Ёй было 99 гадоў, да ста асьветніца не дажыла паўтара месяца. А ў хатцы пасяліліся мастакі Алег Аблажэй і Крыстына Балаховіч. І вось аднойчы, калі яны былі па справах у горадзе...

Алег напісаў «Рэквіем па лясной хатцы» ў ЛіМе (15 чэрвеня 1990 году).

Крыстына пасьля сьмерці Алега ў 2016-м пераехала ў Лёндан. Я спытаўся ў яе: ці змагла б яна сёньня адшукаць знакамітае месца?

— За гэты час там такі лес вырас... Я ж добра ведаю дарогу, добра памятаю. Раней там сьцежка была, а цяпер такі лес, такі лес... Ты ўяўляеш, колькі часу прайшло. Гэта гадоў пяць таму, як я была ў Вільні, папрасілі паказаць месца, я старалася, але не атрымалася. Я вось цяпер згадала... Хатка то згарэла датла, але там побач з хаткай былі ўкапаныя такія вялікія бочкі. Некалі Лявон укапаў. Такія вялікія бочкі пад краплём, гэта значыць, месца ўваходу ў хатку ад дзьвярэй. Калі б іх нагамі заўважыць... Але гэта трэба доўга хадзіць, пратоптваць.

Трэба разумець, што згарэла ня проста хата, а месца, якое вяртала беларусаў да Беларусі ў неспрыяльныя для гэтага часы і якое, безумоўна, вартае мэмарыялу. Пра хатку і тых, хто туды наведваўся, напэўна ж, ведаў КГБ, ведаў нехта зь літоўскіх нядобразычліўцаў... Вэрсіяў можа быць шмат, і тое, што таямніцу хочацца разгадаць, што гэтае жаданьне не зьнікае, а наадварот, павялічваецца, ужо шмат пра што сьведчыць.

Пра здарэньне напэўна ж ведаюць ці, прынамсі, маюць сваю думку старэйшыя людзі ў тых самых Равянцах. Ну, і трэба знайсьці тыя бочкі, якія ўкапаў дзядзька Лявон. Словам, на добры лад, у «Лясной хаткі», дзе Зоська Верас зь сям’ёй, між іншым, у гушчары лясоў перажыла вайну, пачынаецца новая гісторыя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG