Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Былі сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні». Чым скончыўся інцыдэнт паміж беларускімі эмігрантамі і супрацоўнікамі амбасады Беларусі ў Лёндане


Амбасада Беларусі ў Лёндане, архіўнае фота
Амбасада Беларусі ў Лёндане, архіўнае фота

У сьнежні ў Лёндане на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі адбыўся інцыдэнт, у выніку якога пацярпеў супрацоўнік амбасады.

«Аднаму зь іх былі нанесены сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні, спатрэбілася тэрміновая мэдычная дапамога. У яго дыягнаставалі пералом носа, страсеньне мозгу лёгкай ступені і траўматычны пералом зуба», — заяўляла МЗС Беларусі.

Даведаліся, што стала зь беларусам, які ўдзельнічаў у інцыдэнце.

«Тэрмін расьсьледаваньня скончыўся, ніякіх абвінавачаньняў не прад’явілі»

Беларус Арцём (імя зьмененае дзеля бясьпекі сваякоў, якія ў Беларусі. — РС), які і даў поўху супрацоўніку амбасады, паведаміў Свабодзе, што ягоны адвакат хадзіў у паліцыю, каб даведацца, што пагражае падабароннаму.

«Аказалася, што тэрмін расьсьледаваньня інцыдэнту сышоў яшчэ 20 чэрвеня 2022 году. Адвакат сказаў, што калі нават паліцыя „прачнецца“ і вырашыць выставіць абвінавачаньне, то ўсе тыя абвінавачаньні ў судзе будуць ануляваныя. Бо калі пасьля шасьці месяцаў не прад’явілі абвінавачаньне, справа аўтаматычна закрываецца», — патлумачыў Арцём.

Ён мяркуе, што супрацоўнікі амбасады не прадставілі доказаў ці дадатковай інфармацыі для паліцыі.

Што адбылося пад амбасадай 19 сьнежня?

Удзень 19 сьнежня каля беларускай амбасады была традыцыйная акцыя эмігрантаў зь Беларусі.

«Пазьней, калі ля амбасады ўжо нікога наагул не было, пасьля акцыі, мы з таварышамі кінулі ў амбасаду некалькі яек. Яшчэ пазьней празь нейкі час я з таварышамі вырашыў падысьці да амбасады. Там стаялі, хутчэй за ўсё, супрацоўнікі амбасады. Пачаўся канфлікт. Яны пачалі агрэсіўна выказвацца ў мой бок, быў паток нецэнзурнай лексыкі. Яны ўзгадвалі маіх бацькоў з матамі, маўляў: „Хто цябе так выхаваў?“. І казалі, што мы хочам прадаць краіну Захаду. Потым я счапіўся з адным пасярод вуліцы. Зноў быў паток нецэнзурнай лексыкі ў мой бок. Праўда, я таксама не маўчаў і таксама матамі адказваў. Потым я не стрымаўся і даў аднаму поўху», — расказваў Арцём.

Празь некалькі хвілін яго затрымала паліцыя.

«Калі я стаяў у атачэньні паліцыі, з амбасады выйшаў чалавек, якога я раней ня бачыў. У яго быў разьбіты твар. Ня ведаю пра зубы, але ён не хістаўся, ішоў роўна. Пра яго менавіта і сказалі, што нібыта я яго пабіў. Я біў, але іншага, ня гэтага чалавека», — казаў Арцём.

У паліцыі ён правёў тады 21 гадзіну з 24 дазволеных пры затрыманьні. Ураджэнца Беларусі дапытвалі ў прысутнасьці адваката.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG