Лёнданская паліцыя вядзе расьсьледаваньне зьнішчэньня народнага мэмарыялу памяці Рамана Бандарэнкі ля амбасады Беларусі. Яго стварылі беларусы Брытаніі і неабыякавыя да сытуацыі ў Беларусі грамадзяне Вялікай Брытаніі.
Вось што расказала Свабодзе Элісан Кэмэран, якая ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і выказвае салідарнасьць зь мірным пратэстам у Беларусі.
«Наш мэмарыял зьявіўся насупраць амбасады Беларусі яшчэ ўлетку. Спачатку людзі ўскладалі кветкі на прыступкі амбасады. Супрацоўнікі амбасады скардзіліся, і мы пагадзіліся перанесьці яго ў іншае месца, праз дарогу. За ім штодня даглядалі актывісты дыяспары і сябры», – кажа Элісан.
- Элісан Кэмэран — сябра Ангельска-беларускага таварыства. У 1990-ыя яна кіравала праектамі, зьвязанымі зь Беларусьсю. Цяпер Элісан — дарадца новага Фонду жанчын Беларусі, які ствараецца Веранікай Цапкалай і іншымі беларускімі жанчынамі.
Паводле Элісан Кэмэран, 13 лістапада ўвечары актывісты сабраліся там ушанаваць памяць загінулага Рамана Бандарэнкі. Яны сьпявалі, чыталі вершы і выступалі з прамовамі. А ў суботу раніцай мэмарыял быў цалкам зьнішчаны. Элісан напісала пра гэта ў твітэры, паліцыя зьвязалася зь ёй і запытала, ці ня хоча яна паведаміць пра гэта як пра крадзеж, што Кэмэрон і зрабіла.
Элісан Камэрон перакананая, што паколькі народны мэмарыял не знаходзіцца на тэрыторыі амбасады Беларусі, дыпляматычнае прадстаўніцтва ня мае права перашкаджаць людзям ушаноўваць памяць і выказваць там сваю пазыцыю.
Before and after. Our memorial to those who have lost their lives in the state violence in #Belarus as we left it last...
Posted by Alison Cameron on Saturday, November 14, 2020
«У цэлым наша паліцыя і мясцовыя органы ўлады не перашкаджаюць мэмарыялам. Прыбіральшчыкам вуліц забаронена перамяшчаць такія рэчы. Гэтая пляцоўка знаходзілася не на ходніках, і не стварала перашкодаў. Паліцыя вядзе расьсьледаваньне, і я спадзяюся, што ў выпадку неабходнасьці мы зможам дакладна ўстанавіць, хто прыбраў мэмарыял, выкарыстоўваючы запісы відэаназіраньня».
А ўвечары 14 лістапада брытанскія беларусы аднавілі мэмарыял ля беларускай амбасады.