У канфэрэнцыі бяруць удзел дэлегацыі 57 краін АБСЭ, яе структур і партнэраў, грамадзянскай супольнасьці і міжнародных арганізацый, у тым ліку беларускія праваабаронцы. 28 верасьня на пленарным пасяджэньні абмеркавалі крызіс з правамі чалавекамі ў Беларусі.
Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка, які таксама ўдзельнічае ў канфэрэнцыі, адзначае важнасьць такога ўдзелу для беларускага грамадзтва. Гэта дазваляе прыцягнуць увагу да пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і спрыяць дыскусіі паміж грамадзянскай супольнасьцю і прадстаўнікамі дзяржаў – удзельніц АБСЭ аб магчымых наступных кроках дзеля забесьпячэньні адказнасьці вінаватых і правасудзьдзя для пацярпелых.
Праваабаронца, экспэртка арганізацыі Lawtrend Вольга Смалянка, якая выступала на пленарным пасяджэньні АБСЭ аб Беларусі «Ўнутраныя рэпрэсіі і транснацыянальныя», данесла да ўдзельнікаў сытуацыю аб пагаршэньні з правамі чалавека ў Беларусі і расказала, што рэпрэсіі ў краіне працягваюцца па сёньня:
«За кожным парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі стаяць канкрэтныя людзі, стаяць лёсы канкрэтных людзей. У месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца людзі толькі за тое, што яны нейкім чынам выказваюць нязгоду існуючаму рэжыму. Напрыклад, толькі за тое, што яны публікавалі нейкія матэрыялы ў фэйсбуку. Паводле самых сьціплых падлікаў, больш за 250 тысяч беларусаў былі вымушаныя рэлякавацца з краіны. І гэтая лічба на самай справе большая, бо афіцыйнай статыстыкі аб тым, колькі беларусаў вымушаныя пакінуць краіну ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі, няма.
Беларускімі праваабаронцамі зафіксавана шмат фактаў бесчалавечнага абыходжаньня і катаваньняў у месцах пазбаўленьня волі. Людзям надзяваюць пакеты на галовы, людзей катуюць, ноччу праводзяць допыты, людзей забіваюць. І такіх фактаў вельмі шмат.
У месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца шэсьць праваабаронцаў — прадстаўнікоў Праваабарончага цэнтру «Вясна». Нядаўна адна з нашых калегаў — каардынатарка Валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова была асуджаная да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Нядаўна стала вядома, што праваабаронцам «Вясны» Алесю Бяляцкаму, Уладзімеру Лабковічу, Валянціну Стэфановічу зьменена абвінавачаньне, цяпер ім пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
У Беларусі зьліквідавана або знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі больш за тысячу некамэрцыйных арганізацый. Людзям даюць усё большыя і большыя тэрміны. Журналістку Ксенію Луцкіну асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Стала вядома, што завочная вядзеньне спраў пачалі ў дачыненьні сяброў некалькіх арганізацый: Каардынацыйнай рады, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага фонду спартовай салідарнасьці. І такіх спраў будзе станавіцца ўсё больш і больш.
Улады не выконваюць свае міжнародныя абавязаньні, Канстытуцыю. Нядаўна ў парлямэнт паступіў законапраект аб дэнансацыі Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта значыць, што беларусы, якія пазбаўлены права на доступ да нацыянальных судоў, таму што яны не працуюць і залежныя, ня змогуць зьвяртацца з індывідуальнымі зваротамі ў Камітэт правоў чалавека ААН. У беларусаў наогул ня будзе права на абскарджаньне».
Удзельнікі пасяджэньня абмяркоўвалі важнасьць дакумэнтаваньня парушэньняў правоў чалавека, але падкрэсьлілі, што трэба намагацца выпрацаваць больш хуткія і эфэктыўныя мэханізмы па прыцягненьні вінаватых да адказнасьці.
«На сёньня ні беларусы, ні арганізацыі грамадзянскай супольнасьці ня справяцца без канкрэтнай рэакцыі міжнароднай супольнасьці на тое, што адбываецца ў нашай краіне. Ні занепакоенасьцю сытуацыяй, ні выказваньнем спачуваньня не дапаможаш, а толькі канкрэтнай рэакцыяй на канкрэтныя падзеі.
У Беларусі парушэньні правоў чалавека ня здарыліся раптоўна. Гэта доўжыцца з 1996 году. У Беларусі працягваюць працу арганізацыі, якія працуюць у выгнаньні, з сытуацыяй і ўмовамі, якія ёсьць унутры Беларусі. Трэба дапамагчы беларускім грамадзянам, каб яны маглі ў кароткатэрміновай або доўгатэрміновай пэрспэктыве заняцца дэмакратычнымі пераўтварэньнямі ў краіне», — перакананая Вольга Смалянка.
Спэцыяльная дакладчыца па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн адзначыла, што велізарная праблема — беспакаранасьць вінаватых за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека. Існуе рызыка таго, што вінаватыя будуць працягваць гэтую практыку, бо ў мінулым іх ніхто не пакараў.
Як адзначыла спэцдакладчыца, Рада правоў чалавека ААН сёлета падкрэсьліла праблему транснацыянальнай агрэсіі і шэраг пытаньняў з гледзішча правоў чалавека, што ўзьнікае ў кантэксьце вайны ва Ўкраіне. Рада зьвярнула ўвагу на перасьлед людзей за выказваньне свайго непрыманьня расейскай агрэсіі супраць Украіны і ўдзелу Беларусі ў гэтым, адзначыўшы, што перасьлед адбываецца на фоне сыстэмных і сыстэматычных абмежаваньняў, замахаў на правы чалавека ў Беларусі з-за адвольных затрыманьняў, пазбаўленьня адвакацкіх ліцэнзій, рэпрэсій супраць незалежных СМІ.
Канфэрэнцыю па чалавечым вымярэньні штогод ладзіць Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ). Яна праводзіцца ўжо ў 26-ы раз.